Прадстаўнік «Хрысціянскай візіі» прыняў удзел у IX кангрэсе даследчыкаў Беларусі
1–3 кастрычніка 2021 г. у г. Коўна (Літва) прайшоў ІХ Кангрэс даследчыкаў Беларусі.
У рабоце панэлі «No politics without aesthetics!» (секцыя «Культура і культурныя даследаванні») прыняў удзел сябра группы «Хрысціянская візія» святар Аляксандр Шрамко з выступам «Сімвалічнае як палітычнае: Беларуская Праваслаўная Царква да і пасля выбараў».
У дакладзе разглядаўся феномен маніпуляцыі сімвалічнымі вобразамі і элементамі ў якасці інструменту палітычнай барацьбы з боку праўладнага афіцыёзу БПЦ і звязаных з ім прапагандыстаў. Гэтая маніпуляцыя дазваляе прасоўваць у публічным полі ад імя царквы ангажаваную палітычную павестку пры знарочыстам дэклараванні «няўдзелу царквы ў палітыцы». Робіцца гэта, з аднаго боку, дыскрэдытацыяй «з духоўнага пункту гледжання» сімвалаў, якія выкарыстоўваюцца ў пратэстах, а з іншага боку, выбудоўваннем сімвалічных асацыяцый і біблейскіх вобразаў для абялення рэжыму. Урэшце аказваюцца зняважанымі самі хрысціянскія сімвалы (напрыклад, бела-чырвона-белае спалучэнне колераў, гімн «Магутны Божа») і ўслаўляюцца сімвалы бязбожнай савецкай эпохі (чырвона-зялёны сьцяг і гімн БССР). Да аналагічных самавыкрывальніцкіх вынікаў прыводзіць і апеляцыя да біблейскіх вобразаў. Так, наконт ідэі аб «богаабранасці» дыктатара напрошваецца выснова аб фактычным прызнанні адсутнасці яго падтрымкі «няўдзячным народам».