Па відэаблогу ксяндза Вячаслава Барка прызначылі яшчэ 11 экспертызаў

29 студзеня пробашча расонскага касцёла Святога Язафата Кунцэвіча зноўку выклікалі ў Следчы Камітэт.

Ужо трэці месяц доўжыцца праверка  зместу ягоных выказванняў у відэаблогу на YouTube, які мае каля 5-ці тысяч падпісчыкаў.  Следчыя высветляюць, ці  няма ў выказваннях ксяндза заклікаў да экстрэмізму і распальвання міжнацыянальнай варажнечы. Дзве праведзеныя лінгвістычныя экспертызы паказалі, што няма. Але наперадзе – наступныя экспертызы, рапавёў Вячаслаў Барок:

-Лінгвістычныя экспертызы дзве атрымалі, з імі пазнаёмілі. Там напісана, што заклікаў да экстрэмізму няма, і няма падставаў распачаць крымінальную справу. Будуць яшчэ псіхалагічныя экспертызы: псіхолагі будуць вывучаць, да каго прамовы скіраваныя, і ці няма ў іх заклікаў  да нейкіх груп у грамадстве, каб распальваць варожасць.

Ксёндз Вячаслаў Барок кажа, што следчыя прызначылі яшчэ 11 экспертыз, і што пад увагу Следчага камітэта трапілі 8 відэаролікаў ягонага блога.  Вячаслаў Барок катэгарычна  адмаўляе намеры дэструктыўнага ўплыву на грамадства. І цвердзіць, што вядзе свой відэаблог  дзеля папулярызацыі Божага слова,  і дзеля хрысціянскага і патрыятычнага выхавання сваіх землякоў. Ксёндз Вячаслаў кажа, што тыя ж мэты ён пераследаваў, размяшчаючы ў сацыяльных сетках твор Уладзіміра Цэслера „Стоп лукашызм”. Аднак у снежні мінулага году ён быў асуджаны паводле адміністрацыйнага артыкула 17.10 (“Прапаганда або публічная дэманстраванне і (або) распаўсюд нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі”).  10 сутак ксёндз правёў  пад арыштам у віцебскім ізалятары часовага ўтрымання.

Беларускае Радыё  Рацыя, Віцебск