Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Па-беларуску, па-габрэйску і па-арабску. У Мінску прадстаўнікі розных веравызнанняў разам маліліся за Бацькаўшчыну

Па-беларуску, па-габрэйску і па-арабску. У Мінску прадстаўнікі розных веравызнанняў разам маліліся за Бацькаўшчыну

Па-беларуску, па-габрэйску і па-арабску. У Мінску прадстаўнікі розных веравызнанняў разам маліліся за Бацькаўшчыну

Увечары 18 жніўня па запрашэнні арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Чырвоным касцёле на супольную малітву за Беларусь разам сабраліся прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій, юдаізму і ісламу.

Малітва была прымеркавана да агульнаеўрапейскай акцыі малітоўнай салідарнасці з беларускім народам, якая праходзіла па ініцыятыве Еўрапейскай канферэнцыі каталіцкіх камісій па пытаннях справядлівасці і міру Iustitia et Pax.

Па дарозе ў касцёл святога Сымона і святой Алены арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч затрымаўся каля следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага. Каля сцен старадаўняга астрога іерарх разам з сабранымі людзьмі, якія пратэстуюць супраць незаконных затрыманняў, памаліўся адну таямніцу святога Ружанца.

А 19-й гадзіне па мінскім часе, калі хрысціяне ўсёй Еўропы маліліся за Беларусь, сабраныя ў Чырвоным касцёле разам памаліліся «Ойча наш».

Запрашаючы да супольнай малітвы, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сказаў:

«Дарагія браты і сёстры, мы перажываем вельмі складаны час нашай гісторыі, гісторыі нашай краіны. Так сталася, што брат на брата падняў руку: у адной руцэ — камень, у другой — зброя. Мы не ведаем, што можа здарыцца заўтра».

Іерарх дадаў, што толькі Бог можа стрымаць нарастанне зла, і для гэтага неабходна малітва. Ён нагадаў, што прадстаўнікі розных рэлігій нашай Бацькаўшчыны за гэты год ужо ў другі раз збіраюцца на супольную малітву ў Чырвоным касцёле: у сакавіку гэта была малітва аб выбаўленні ад пандэміі каранавірусу, а гэтым разам — ад «пандэміі» хлусні і нянавісці, што вядзе да разбурэння нашай краіны.

Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату выказаў агульную інтэнцыю гэтай малітвы, каб Беларусь развівалася мірным шляхам, для чаго існуюць усе перадумовы, бо на нашай зямлі здаўна ў міры і згодзе жывуць прадстаўнікі розных хрысціянскіх веравызнанняў і розных рэлігій.

«Няхай наша сённяшняя сустрэча дапаможа нам будаваць дух салідарнасці паміж намі, паміж людзьмі розных моваў, розных веравызнанняў — усімі грамадзянамі нашай краіны. У нас усіх адзін пашпарт, мы належым да адной краіны, і мы павінны ўтвараць адну сям’ю. Вельмі важна быць разам і прасіць Нябеснага Айца аб дары еднасці», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Пасля супольна прамоўленай малітвы «Ойча наш» Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прачытаў малітву за Бацькаўшчыну праз заступніцтва Багародзіцы паводле святога Яна Паўла ІІ.

Прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы айцец протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, які ўзяў удзел у супольнай малітве па даручэнні Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, нагадаў, што Царква заклікае ўсіх да любові і міру, да павагі да годнасці чалавека — вобраза Божага, каб у жыцці не было падману, нянавісці, злосці; каб брат на брата ніколі не падымаў рукі.

«Усе пытанні можна вырашыць мірна, і галоўнае — мы звяртаемся ў малітве да Бога, каб Ён перамяніў душы і сэрцы тых людзей, якія выйшлі на шлях жорсткасці, нянавісці; каб мы разам, усёй краінай аднавіліся і перамяніліся ў любові», — сказаў праваслаўны святар.

Канцлер Курыі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы айцец Яўген Усошын заклікаў бачыць у іншым чалавеку свайго брата і сястру і шанаваць у ім вобраз Божы.

Прадстаўнік Аб’яднання хрысціянаў поўнага Евангелля пастар Валерый Шэйбак зазначыў, што сённяшнія падзеі ў Беларусі — не проста палітычная з’ява, бо сітуацыя перайшла ў маральна-этычнае вымярэнне і таму патрабуе ўдзелу Царквы і пакаяння народа ў грахах хлусні, гвалту і здзеку над людзьмі, нянавісці.

«Да каго ж ісці? Што ёсць сумленнем народа? Сумленнем народа ёсць Царква, якая не заражана палітычнымі заклікамі і прапагандай з любых бакоў», — сцвердзіў пратэстанцкі пастар. Ён дадаў, што толькі Царква ў стане скіраваць народ на шлях ацалення ў Богу: «Царква, якая і прэзідэнту можа ўказаць на грэх, і апазіцыянеру можа ўказаць на грэх, а таксама паслужыць у любові Хрыстовай і ісціне і аднаму, і другому».

«Няхай Беларусь жыве, але жыве з Богам», — сказаў на заканчэнне Валерый Шэйбак і завяршыў выступ малітваю пакаяннага псальму караля Давіда, прамоўленага ад імя беларускага народа.

Галоўны равін рэлігійнага аб’яднання супольнасцяў прагрэсіўнага юдаізму Рыгор Абрамовіч у сваёй прамове растлумачыў сэнс малітвы, у якой вернікі звяртаюцца да Бога як да Айца і Валадара. Як у свайго Айца мы просім у Яго міласэрнасці, а як у Валадара — справядлівага суду.

«Ойча наш і Валадару — гэтымі словамі мы кажам, што нам адначасова патрэбная міласэрнасць у нашых сэрцах <…> і справядлівы суд, каб кожны з нас разумеў, што адбываецца», — сказаў равін, дадаўшы, што без абедзвюх гэтых рэчаў немагчыма ісці наперад. На заканчэнне прамовы ён па-габрэйску праспяваў малітву да Найвышэйшага Айца і Валадара з просьбаю аб міласці і справядлівасці.

Прадстаўнік беларускай мусльманскай супольнасці старшыня Рады імамаў Дзмірый Радкевіч звярнуўся да прысутных з пажаданнем міру.

«Суайчыннікі, браты і сёстры, <…> мусульмане Беларусі разам з усімі суграмадзянамі моляцца за мір, за сканчэнне гвалту, за тое, каб будучыня была больш светлай, больш шчаслівай», — сказаў імам, зазначыўшы, што для гэтага неабходна ўнутраная перамена і жыццё паводле загадаў Найвышэйшага і маральнага закону.

«Гэта наша адказнасць, гэта наша краіна, і мы павінны зразумець, што ёсць людзі розных поглядаў, розных меркаванняў, і мы павінны мяняць у першую чаргу саміх сябе», — дадаў Дзмітрый Радкевіч, пасля чаго прамовіў малітву за Бацькаўшчыну на арабскай мове.

Крыніца: Catholic.by


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава

После «Крокуса»

После «Крокуса»

Зафея Дзяконская