Ордэн Аблатаў: святары з Беларусі затрыманы за “нібыта дыверсійную дзейнасць на шкоду беларускай дзяржаве”

Кіраўніцтва Місіянераў Аблатаў апублікавала афіцыйны камунікат з нагоды затрымання а. Анджэя Юхневіча OMI і а. Паўла Лемеха OMI. Законныя ўлады паведамілі, што арыштаваныя святары чакаюць суда. Па інфармацыі «Хрысціянскай Візіі» паседжанне адбудзецца сёння ў Віцебску.
Прэсавы сакратар польскай правінцы Місіянераў Аблатаў, а. Павел Гамуляк OMI, паведамляе што прычынай затрымання стала “dywersyjna działalność”. Гэты тэрмін можна перакласці з польскай як непасрэдна дыверсійная дзейнасць, але таксама і “падрыўная” ці “экстрэмісцкая”.
Місіянеры Аблаты з’яўляюцца паважаным каталіцкім Ордэнам з двухсотгадовай гісторыяй. Сёння ў свеце працуюць каля 3500 аблатаў на ўсіх кантынентах. Сярод аблатаў ёсць 2 кардыналы, 7 арцыбіскупаў і 36 біскупаў.
Katolik.life паведамляе, што затрыманне адбылося пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі.
Айцы Анджэй Юхневіч і Павел Лемех, відавочна, атрымалі арышт. Паседжанні адбыліся дыстанцыйна, праз скайп. Тэрміны і абставіны судоў невядомыя.
Да таго ж стала вядома, што ў той жа дзень затрымалі маладую парафіянку шумілінскага касцёла.
На фота: Анджэй Юхневіч (злева) і Павел Лемех (справа)