Не браць грэху на душу. Каталікі заклікаюць да сумленных выбараў

Серыя праграмаў «Размова VoxPopuli» прысвечаная людзям, якія выразна выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю падчас сёлетняй выбарчай кампаніі, хоць раней палітыкаю не цікавіліся.
Сёння суразмоўца Святланы Калінкінай і Віталя Цыганкова – каталіцкі актывіст Арцём Ткачук, які разам з паплечнікамі запусціў інфармацыйную кампанію «Фальсіфікацыя – цяжкі грэх». Мэта кампаніі – нагадаць вернікам, што несумленнасць пры падліку галасоў парушае і свецкія, і рэлігійныя законы.
«Шмат хто ўспрымае палітыку па-за мараллю. Маўляў, палітыка маральным правілам не належыць. Фальсіфікацыі выбараў таксама папалі пад гэтае ўспрыманне, хоць гэта насамрэч ніякая не палітыка. Можа быць, нашая акцыя выведзе гэтую матэрыю з табу палітызаванасці і ўвядзе ў нармальнае рэчышча: каталік павінен шчыра лічыць, павінен змагацца за праўду», – выказаўся ў студыі «Размова VoxPopuli» каталіцкі актывіст Арцём Ткачук.