Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Ксёндз Вячаслаў Барок: Няўдачнік гэта той, хто ад крыжа ўцякае

Ксёндз Вячаслаў Барок: Няўдачнік гэта той, хто ад крыжа ўцякае

Ксёндз Вячаслаў Барок: Няўдачнік гэта той, хто ад крыжа ўцякае

Крыж. Цемра і святло, Праўда і фальш, жыццё і смерць- гэтыя рэчаіснасці ніколі не могуць быць разам. Адна з іх абавязкова выключае існаванне другой. Гэта так як з новым днём, калі ён толькі пачынаецца, то ноч адразу адыходзіць. Так выглядае справа і з жыццём чалавека, якое адпавядае законам новага запавету.

Хрыстос, які прышоў у свет, усталяваў парадак новага жыцця і цяпер няма месца для старога. Гэта новае жыццё абапіраецца на новых прыказаннях. Іх асновай ёсць загад любві.

Хрыстос не змушае нікога жыць па новых загадах. Бо Любоў ніколі нікога да нічога не змушае. Любоў проста дае шанец. І Хрыстос проста дае магчымасць кожнаму распачаць новае жыццё. Кожнаму прадастаўляе яшчэ адзін шанец, каб усё атрымалася. Не трэба спаглядаць на паміраючага Хрыста на крыжы як на няўдачніка, як на таго, ў каго штосьці не атрымалася. Слова Божае ў прадказаных прароцтвах пра Муку Ісуса ў песні пра Слугу Ягвэ,  вуснамі прарока Ісаі падкрэслівае адваротнае: «Вось пашчасціць Слузе майму». (Іс 52,13)

А няўдачнікам будзеш ты, калі не скарыстаешся з прадастаўленага Богам табе шанца і не распачнеш новае жыццё. Жыццё з Хрыстом і па-загадах любві. Няўдачнікам будзеш, калі адвернешся ад Крыжа Хрыстовага і свайго крыжа, які дае табе Бог.

Чаму няўдачнікам? Таму што іншай магчымасці для жыцця ў гэтым свеце наогул  няма і не існуе. Ёсць альбо  жыццё згоднае з законам любві, і тады праз зямное  жыццё даходзіш да вечнага, або жыццё , якое ўладкоўваеш на сваю руку  і прыстасоўваешся да хутка зменлівых зямных умоваў, і ў выніку непазбежна атрымоўваеш смерць. І ў такім выпадку непазбежны будзе суд і індывідуальная адказнасць за ўсё садзееннае.

І не сумнявайся ў гэтым. Ісус, які на крыжы памёр, пасля перамог смерць і жыве вечна.  І няма нікога, хто б абраўшы жыццё без Хрыста, жыў вечна. Нават можаш не спрабаваць шукаць трэці спосаб на сваё зямное вандраванне; лепш узгадай лёс  злачынцаў, што жылі перад табой. Напрыклад, слугаў трэцяга рэйху. Яны ж усе адказалі за свае злачынствы. Тыя хто выжыў, адказвалі перад судом людзкім. Тыя, каму пашчасціла памерці раней, адказваюць на судзе Божым. І ніхто з іх не быў апраўданы.

Сёння ў нашым грамадстве ёсць дастаткова шмат тых, хто да свайго жыцця таксама падыходзіць бездумна. Яны,канешне, думаюць, але іх жыццё далёкае крыжа. Яны наўпрост ад Крыжа хаваюцца.

Гэта людзі ўсе з марным лёсам. Ім наканавана разумець і бачыць менш, чым біблейскім асліцам. Бо не бачаць вачавіднай праўды, і не таму, як тая асліца не магла бачыць Ісусу – Праўду, бо яна везла самога Хрыста ў Іерусалім і, можна казаць, везла святло праўды. Або,напрыклад, асліца язычніцкага прарока Валаама, была здольная на сваім шляху ўбачыць Божага Анёла і спыніцца, калі шлях яе гаспадара не спадабаўся Госпаду і таму упарта не ішла далей.

І сапраўды, часам дастаткова прынамсі аслінай мудрасці, каб убачыць у жыцці самае простае і фундаментальнае. Убачыць дабро і праўду. Але ж не кожны мае такі дар, некаторыя задавальняюцца дарам Пілата. Гатовыя наследаваць упёртасць асліцы ў адным: не бачачы праўды паўтараць славутыя словы прадстаўніка чужой Рымскай улады: “А што такое праўда?”. Не, яны не шукаюць праўды, яны кажуць, што яе няма. Як і тое, што ні дзе ў свеце няма жыцця, ў аснове якога ёсць законнасць і справядлівасць.

Такія людзі вельмі часта  здольныя суперажываць коткам і сабачкам, нават адстойваць іх правы, але ніколі не ўбачаць чалавека, які побач церпіць ад несправядлівасці.

І сёння ў Беларусі ёсць шмат такіх, хто не чуе і не бачыць сотні несправядліва асуджаных палітвязняў- на сённяшні дзень іх 325 і больш за дзве тысячы тых, супраць каго ў Беларусі завялі крымінальныя справы па-палітычных матывах.

Як хтосьці не бачыць і не чуе гэтага, то не ўбачыць ён і ў Ісусе, паміраючага на крыжы Божага Сына. І гэта ўсе тыя з натоўпу, якія крычалі “укрыжуй Яго!” на судзе ў Пілата.

Гэта духоўныя сваякі Ірада, Пілата; гэта ўсё тыя, хто дабравольна адмовіўся ад Божага шанца распачаць новае жыццё. Жыццё ў Праўдзе і справядлівасці. Жыццё ў духу законнасці, дзе прыярытэтным ёсць загад любві.

Так вось, адмовіліся ад гэтага жыцця, а іншага няма, не рабіце сабе ілюзій. Няма трэцяй магчымасці. Такіх чакае суд і пакаранне. А той жа, хто паверыў у Хрыста і стаіць сёння ў пакаянні пад Яго Крыжом, можа спадзявацца на Божае апраўданне. Бо Хрыстос на крыжы памёр, каб апраўдаць таго, хто каіцца. Няхай у Яго не ўсё атрымалася ў жыцці і за сабой ёсць шмат памылак, пакуль ты з Хрыстом, ніколі не будзеш няўдачнікам. Кожнае цярпенне з Хрыстом заўсёды заканчваецца праслаўленнем. Бо з Ім, і пасля смерці, ёсць жыццё.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава