Каталіцкую верніцу Эму Сцепулёнак асудзілі на два гады калоніі

У судзе Мёрскага раёну суддзя Ірына Яскевіч прысудзіла 2 гады калоніі агульнага рэжыму 69-гадовай каталіцкай верніцы Эме Сцепулёнак. Пенсіянерку прызналі вінаватай у нібыта «абразе Лукашэнкі» ды «абразе прадстаўніка ўлады», паведамляе «Вясна».

Былую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры затрымалі 29 верасня 2021 года за каментары пасля забойства сілавікамі Андрэя Зельцара. Яе ўтрымлівалі ў СІЗА амаль год. У сярэдзіне верасня 2022-га перавялі на хатні арышт, а судзіць пачалі 10 лістапада. Цяпер пенсіянерку зноў узялі пад варту. З улікам раней праведзенага за кратамі часу спадарыні Эме засталося правесці ў няволі каля 4 месяцаў.

У першы дзень суда жанчыне стала дрэнна, і ёй выклікалі хуткую дапамогу.