«Гэта ніяк не паўплывае на нашу працу» — Наталля Гарковіч пра прызнанне «Хрысціянскай візіі» «экстрэмісцкім фармаваннем»

Тэалагіня і актывістка «Хрысціянскай візіі» Наталля Гарковіч у каментары для «Радыё Рацыя» адзначыла, што рашэнне беларускіх уладаў аб прызнанні міжканфесійнай ініцыятывы экстрэмісцкім фармаваннем не паўплывае на працу яе ўдзельнікаў:
«Усе нашыя людзі знаходзяцца за межамі Беларусі. І мы як працавалі над гэтым, то і працягнем працаваць. Адзінае — мы падвысім меры бяспекі».
Яна мяркуе, што прычына — у праваабарончай дзейнасці і маніторынгу пераследу вернікаў і хрысціянскіх арганізацый. Гарковіч таксама падкрэсліла, што цяпер у Беларусі нельга карыстацца ні сімволікай, ні матэрыяламі ініцыятывы, але:
«Мы будзем працягваць пісаць якасную аналітыку, весці маніторынг парушэнняў свабоды веравызнання, прадстаўляць экспертызу для міжнародных і дэмакратычных сілаў».