«Энцыкліка ‘Fratelli tutti’ — пасланне Папы да Беларусі»
Ксёндз Вячаслаў Барок каментуе новую энцыкліку «Fratelli Tutti», у якой Папа Францішак звярнуўся да ўсяго свету, у тым ліку да беларусаў.
Беларусь слаба хрысцінская, а тым больш і некаталіцкая. Што ж там тое і казаць, каб было інакш, то ў нас ніколі б не ўзнікла аж такога грамадска-палітычнага крызіса, які сёння можа нас наўпрост прывесці да гуманітарнай катастрофы.
Тым не менш, словы навучання ў апошняй, трэцяй, Энцыкліцы «Fratelli Tutti» (усе браты), якія Папа Францішак кіруе да ўсяго свету, вельмі трапна гучаць і ў наш адрас. Зрэшты Папа сам кажа, што звяртаецца “да ўсіх людзей добрай волі» (п.56), значыць да ўсяго чалавецтва, а не толькі да католікаў. А значыць і да нас, да Беларусі.
На старонках гэтага дакумента знаходзім шмат святла, якое дазваляе лепш ўбачыць усе аспекты праблемаў нашай краіны.
Ну і калі яшчэ не ўсю яе паўнату, то тым не менш, кірунак, у якім знаходзіцца выхад з крызіусу, вымалёўваецца адназначны. А больш святла будзе толькі ў апошні дзень.(п.278). Але ўжо і пры гэтым святле, слухаючы Папу, вельмі шмат хто здзівіцца і не толькі свецкія вернікі, але і святары ды біскупы.
Папа, прапаноўваючы выхады сучаснаму свету з крызісных сітуацый, чэрпае інспірацыю нетолькі ў Бібліі і ў святых, але і ў навучанні каталіцкіх епіскапатаў з розных краін свету, ў праваслаўнага патрыярха, і ў Вялікага імама Аль-Азхара Ахмеда Эль Таеба (п.285), у палітычна-грамадскіх дзеячоў-некатолікаў, такіх як Марцін Лютэр Кінг, Дэсмонд Туту і Махмат Гандзі. (п.286).
Агулам беручы, думка Папы такая: мы можам з цемры зачыненага свету ( раздзел 1) будаваць свет адкрыты і лепшы (раздзел 3) пры ўмове, што будзем мець сэрцы расчыненая на ўвесь свет (раздзел 4). І каб не было пустых інсінуацый, Папа таксама дадае канкрэтыкі. Прысвечае пяты раздзел палітыцы. Вядома, ў цэнтры навучання Папы знаходзіцца чалавек, якога бачыць як “чужаземца на дарозе». (раздел 2)
Для зразумення глыбіні сучаснай праблематыкі свету, выкарыстоўвае евангелічныя вобразы з прытчы пра добрага Самараніна. (Лк 10, 25-37). (п.56)
Заахвочвае кожнага чалавека і кожны бок самых розных канфліктаў шукаць свайго падабенства ў гэтых вобразах. “З кім ты атаесамлеваешся? Да каго з іх ты падобны?” (п.64). Канкрэтна на гэтыя пытанні Папа прапаноўвае адказваць усім нам, удзельнікам розных канфліктаў, не зважаючы нават на нашу прыналежнасць да рэлігіі.
Папа падкрэслівае: ўніверсальным выхадам з канфліктаў і вырашэннем праблемаў заўсёды пазастаецца шлях любві (п.61-62). Любоў людзей аб’ядноўвае і, дзякуючы ёй, няма розніцы, хто да якой нацыянальнасці прыналежа, ці хто які сацыяльны статус мае, а разнароднасьць , якая ўтвараецца самімі людзьмі, за дапамогай замацаваных цэтлікаў і апранутых масак, не можа перакрэсьліць нашага братэрства дзяцей аднаго Бога.
Аднак, негледзячы на вышэй сказанае, Папа наўпрост сцвярджае пра існаванне сёння двух гатункаў людзей: “…кожны, хто не бандзіт, і кожны, хто не абыякавы мінак, ёсць або зранены, альбо сам на сваіх плячах нясе параненага» (п.70). Як жа трапна гэтыя словы характарызуюць сучасных беларусаў.
Бо той “бандзіт”, які выконвае злачынны загад і б’е людзей і той, хто рэагуе праз абыякавасць, трапляюць да той самай катэгорыі “нелюдзей». Другая катэгорыя – гэта і ёсць, уласна кажучы, катэгорыя людзей.
Мы ўжо цягам двух месяцаў, ламаем сабе галаву, шукаючы адказу на пытанне, адкуль у нашых братоў беларусаў “нелюдзей” столькі агрэсіі. Папа ставіць дыягназ агрэсіі: “нероўныя шанцы”. У грамадстве, ў якім нібыта імкнуцца да міру, і пазбягаюць развіцця сцэнарая “ так як ва Ўкраіне”, але пры гэтым існуе “нероўнасць і адсутнасць інтэгральнага развіцця чалавека»(п.235) вядзе да таго, што “У рэчаіснасці, “без роўных шансаў розныя формы агрэсіі і войны знаходзяць прыдатную глебу, што раней ці пазней закончваецца выбухам» (п.235).
Згодна з логікай Папы, выйсце ёсць заўсёды, а адпраўная кропка: “Пачаць нанова ад праўды». Бо “Людзі маюць права ведаць, што здарылася» (п.226)
Як жа, ягоныя словы ідуць у разрыў з прапановай Лукашэнка “перагарнуць старонку”, якая прагучала пасля жнівеньскай эскалацыі канфлікта. Лукашэнка памыляўся, бо Папа кажа: “Мы мусім падтрымоўваць “полымя супольнай свядомасці, пераказваючы наступным пакаленням сведчанне, аб агіднасці таго, што адбылося», полымя, якое “ажыўляе і такім чынам захоўвае памяць пра ахвяры, каб сумленне чалавека станавілася ўсё больш моцным перад абліччам усялякай волі дамінацыі і знішчэння». (п.249).
Наогул, Энцыкліка перакрэсьлівае папулізм беларускай улады.
Тыя “правадыры народаў», якія здольныя зінтэрпратаваць пачуцці народу і тэндэнцыі грамадства, ды клапоцяцца пра развіццё народа, маюць таксама “здольнасць уступіць месца іншым»(п.159), а іншыя, наадварот, “дзякуючы нездароваму папулізму, … імкнуцца ўтрымацца пры ўладзе. Часам імкнуцца павялічваць сваю папулярнасць праз актывізацыю ніжэйшых, эгаістычных схільнасьцяў некаторых груп насельніцтва. Яшчэ горш, калі робіцца гэта брутальна або вытанчана пры падпарадкаванні інстытуцый прававой сыстэмы». (п.159).