Царква і палітычны крызіс у Беларусі

«Была іконка маленькая — яна прайшла са мной усе пяць гадоў». Сведчанне Кацярыны Андрэевай пра веру ў калоніі

«Была іконка маленькая — яна прайшла са мной усе пяць гадоў». Сведчанне Кацярыны Андрэевай пра веру ў калоніі

«Была іконка маленькая — яна прайшла са мной усе пяць гадоў». Сведчанне Кацярыны Андрэевай пра веру ў калоніі

Палітзняволеную журналістку Кацярыну Андрэеву вызвалілі з калоніі 19 сакавіка 2026 года і вывезлі з Беларусі. Цяпер яна можа распавесці пра свой досвед зняволення. Гэтым скарыстаўся хрысціянскі актывіст Сяргей Мельянец. Ён спытаў у былой палітзняволенай пра стан вернікаў у калоніі.

Спачатку Кацярына ўспомніла пра тое, каго сустракала ў камеры:

— Самы яскравы ўспамін, які я маю з першых дзён затрымання, — гэта маленькая камера на Акрэсціна. Хіба камера была на чатырох чалавек, а нас было, можа, адзінаццаць. І потым, калі Дашу забралі адтуль, я памятаю, што з намі заставалася маці і дачка — хрысціянкі, якія пачалі ўслых маліцца. Яны прапанавалі нам узяцца за рукі ў гэтай камеры. Маліліся спачатку традыцыйнымі малітвамі («Ойча наш» і гэтак далей), а потым яны пачалі маліцца сваімі словамі. І кожны раз, калі я гэта згадваю, у мяне дрыжыкі праходзяць па скуры, таму што яны ўздымалі вось так рукі і казалі: «Божа, дапамажы нам пераадолець гэты дух камунізму!» І я сябе адчувала як дысідэнты ў савецкім часе, альбо ў часы Салідарнасці ў Польшчы, альбо савецкія дысідэнты недзе ў ГУЛАГу. Гэта было даслоўна. І я настолькі гэта запомніла, і гэта мне так урэзалася ў памяць…

Распавяла яна і пра тое, як для вернікаў абмяжоўвалі ўдзел у рэлігійным жыцці:

— Вось гэта самы яскравы ўспамін пра хрысціянства і верніцтва, але варта адзначыць, што на тэрыторыі калоніі была праваслаўная царква. Што рабіць каталікам, альбо іудэям, альбо мусульманам, — незразумела. У яе патрапіць было тым яшчэ квэстам. На вялікія святы (напрыклад, на Вялікдзень) там ладзілі фэйс-кантроль на ўваходзе, і ты мог альбо патрапіць у спіс, альбо не патрапіць. Проста ля ўвахода ў царкву стаяў супрацоўнік аператыўнага аддзела, які фільтраваў — каму можна, а каму не. Пад канец 2025-га мы ўжо пачалі апрыёры мець такую забарону на наведванне царквы, альбо наведванне праз нейкія спісы, якія ўзгаднялі па нейкіх, нікому невядомых, алгарытмах. Таксама набыць святочную булку, кулічы на Вялікдзень у краме (у так званай атаварцы) у калоніі нельга было «палітычным». Вось такая забарона на набыццё кулічоў… Не ведаю, з чым гэта было звязана.

Але пры гэтым, зразумела, заставаліся магчымасці для прыватных малітоўных практык:

— Канешне, адчуваўся менавіта такі ціск. Я малілася… таксама гэта вельмі асабістае, і як я малілася, я не буду распавядаць, але ў мяне заўсёды з сабой былі абразы, была іконка маленькая. Яна прайшла са мной усе пяць гадоў. Яе перадаў Ігар, па-мойму, ці ў Жодзінскую, ці ў тую Акрэсцінскую камеру. Яна трапіла да мяне ад самага пачатку і прайшла са мной два тэрміны. І што вы думаеце? Калі вывозілі з калоніі, то разам з усёй карэспандэнцыяй, усім маім архівам за пяць гадоў у мяне адабралі гэтую іконку. Вельмі-вельмі балюча. І першае, што я папрасіла пры нагодзе бацькоў перадаць, — гэта новую… Я літаральна клала яе пад падушку кожны вечар. Гэта вельмі дапамагала.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост