«Бог даў выпрабаванне, павінны годна яго прайсці». Размова з сям’ёй палітзняволенай Ірэны Бярнацкай
«За што мяне затрымліваць? Я нічога кепскага не зрабіла», – так казала родным на свой дзень народзінаў Ірэна Бярнацкая, кіраўніца лідскага аддзялення незалежнага Саюзу палякаў у Беларусі. 24 сакавіка ёй споўнілася 55 гадоў, а на наступны дзень, 25 сакавіка, да яе дахаты прыйшлі сілавікі. Пасля ператрусу Ірэну прывезлі ў Менск, на допыт у Следчы камітэт, і пакінулі пад вартай у СІЗА-1. Як і іншых чальцоў Рады СПБ, яе затрымалі ў межах крымінальнай справы аб рэабілітацыі нацызму (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу). Усім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Дачка Ірэны Бярнацкай, Вераніка Півута, сядзіць за сталом і трымае ў руках першы ліст ад мамы. Ён прыйшоў якраз напярэдадні вялікага каталіцкага свята – Вялікадня.
«Галоўнае зараз – наладзіць сувязь з мамай. У лісце піша вельмі асабістае для нас, каб трымаліся разам, дапамагалі бацьку. Яна ўдзельнічае ў жывым ружанцу – просіць абавязкова перадаць таямнічку», – кажа Вераніка.
Яна зачытвае некалькі радкоў з ліста, напісаных Ірэнай:
«У мяне ўсё выдатна. Я вельмі вас люблю. Жывіце з Богам, трымайцеся разам. Маліцеся, я з вамі, – Вераніка спыняецца і не можа стрымаць слёзаў. – Не магу чытаць, – прызнаецца яна, але праз момант усё ж працягвае: – Жыць складана. Жыць трэба годна. Бог даў выпрабаванне, павінны годна яго прайсці. Даглядайце бабулю».
Вераніка кажа, што Ірэна нічога не напісала пра ўмовы ўтрымання ў турме.
«Сястра пабачыла ў лісце іншае. Піша мне: «Мама напісала ў лісце, каб мы на свята былі разам. Яна дала зразумець, што вам трэба з’язджаць», – Вераніка сумна пасміхаецца. – Мама вельмі просіць пісаць ёй. Гэта вельмі важна. Галоўнае, каб яна трымалася».
«Я жыву надзеяй, што маму адпусцяць»
Ірэна Бярнацкая нарадзілася ў вясковай сям’і. Бацька Адольф і маці Уладыслава – палякі, таму Ірэна выхоўвалася ў польскіх традыцыях і каталіцкай веры. Гэтак жа пасля выхоўвала сваіх дзяцей.
Ірэна мае вышэйшую адукацыю: спачатку вучылася ў Маладзечанскім тэхналагічным тэхнікуме, пасля – у Тэхналагічным універсітэце ў Маскве. Да 33 гадоў працавала на заводзе дзіцячых харчовых канцэнтратаў. Пайшла ў дэкрэтны адпачынак, і пасля яго ўжо не вярнулася на старое месца працы – занялася бізнесам: гандлявала на рынку, мела некалькі гандлёвых пунктаў, выязджала ў раёны. Вераніка ўзгадвае, як падчас развалу Савецкага Саюзу мама ездзіла ў Польшчу, Літву і вазіла радыятары, тэлевізары.
З цягам часу праз стан здароўя спадарыня Ірэна вымушаная была сысці з рынку.
Яна мае двух дачок-пагодак і сына.
«Мама спачатку нарадзіла сястру, праз год – мяне, а пасля – брата: у мяне з ім розніца 12 гадоў. У нас сям’я вернікаў, мы каталікі», – распавядае Вераніка.
Сястра Веранікі – доктарка, акушэр-гінеколаг. 18 сакавіка яна разам з малодшым сынам выехала ў Польшчу. Брат вучыцца і жыве ў Польшчы.
«Я з сям’ёй застаюся пакуль у Беларусі. У мяне ёсць свой кабінет падалагічных паслуг – працую з праблемнымі ступакамі. Пасля жнівеньскіх падзеяў тут праводзіліся мерапрыемствы салідарнасці, напрыклад, з доктаркай Людмілай Дотай. Яна сышла на забастоўку, змагаецца і гатовая ісці да канца. Нашая сям’я ўзяла над ёй шэфства, дапамагалі ёй, каб яна мела хаця б мінімальныя сродкі для існавання. Але не ведаю, ці мы пацягнем гэта ўсё, бо шмат выдаткаў ідзе на маміна пытанне», – распавядае Вераніка.Вераніка Півута, дачка Ірэны Бярнацкай, кіраўніцы лідскага аддзялення Саюзу палякаў у Беларусі. Фота: Белсат
Яна адзначае, што раней адключала тэлефон, каб адпачыць ад навінаў, цяпер жа ўвесь час гартае навінавую стужку ў надзеі, што нешта змянілася да лепшага.
«Я жыву надзеяй, што маму адпусцяць. Проста веру ў цуд. Я разумею сітуацыю, разумею, што яны сталі закладнікамі. Мама шчырая верніца, і гэта ўсё выпала нам для чагосьці. Але цуд абавязкова здарыцца, я ў гэта веру. Думаю, да суда справа не дойдзе», – разважае Вераніка.
Калі яна пачынае распавядаць пра маму, позірк робіцца цёплым, з’яўляецца лёгкая ўсмешка.
«Мама вельмі адкрыты чалавек, які гатовы заўсёды дапамагчы іншаму. Нават калі яна з чымсьці не згодная, яна выкажацца, зробіць заўвагу, закліча да сумлення, але дапаможа. Напрыклад, мама катэгарычна не прымае людзей, якія падтрымліваюць дзейную ўладу. Але калі такі чалавек прыйдзе і папросіць дапамогі, па-хрысціянску адгукнецца. Мы і самі такія ж. Я, напрыклад, пасля жнівеньскіх падзеяў перастала абслугоўваць у сваім кабінеце тых, хто звязаны з катаваннямі і збіваннем людзей на вуліцах, хто падтрымлівае рэпрэсіі», – распавядае Вераніка.Ірэну Бярнацкую затрымалі 25 сакавіка ў межах крымінальнай справы пра рэабілітацыю нацызму. Ліда, Беларусь. Фота: Белсат
«Мама не можа ўседзець у хаце»
Да Ірэны Бярнацкай кіраўніком аддзялення СПБ у Лідзе быў пан Тадэвуш. Пры ім асабліва ніякай актыўнай дзейнасці не было, і пра Саюз у горадзе мала хто ведаў.
«Мама тады казала: «Але чаму так? Давайце збіраць людзей, давайце нешта рабіць». Яна спачатку дапамагала Тадэвушу – арганізоўвала навучанне польскай мове ў горадзе, праводзіла іншыя ініцыятывы. А пасля сама стала кіраўніцай», – распавядае Вераніка.
Паводле яе, Ірэна – чалавек ідэйны, чалавек руху, яна не можа ўседзець у хаце, ёй увесь час трэба чымсьці займацца. У хаце яна не глядзіць тэлевізара, слухае і глядзіць толькі польскамоўныя праграмы. З сям’ёй перапісваецца ў паведамленнях па-польску. Але лісты з-за кратаў піша па-расейску, бо па-польску не прапусцяць.
Ірэна Бярнацкая разам з некалькімі жанчынамі займалася сацыялізацыяй дзяцей з дзіцячага дому, якія выйшлі ў дарослае жыццё, але цалкам да яго не прыстасаваныя. Аднак большасць гэтых дзяцей усё ж пачалі весці асацыяльны лад жыцця. Засталася толькі адна дзяўчына, і вось з ёй спадарыня Ірэна працавала, вучыла яе самастойнаму жыццю.
«Напрыклад, ездзілі і дапамагалі ёй гатаваць, бо дзяўчына нават не ведала, што такое сырое яйка – яна ўсё жыццё бачыла толькі вараныя. А яйкі з крамаў біла і выкідвала, думаючы, што яны сапсаваныя», – узгадвае Вераніка.
Ірэна Бярнацкая таксама займалася дзецьмі і дарослымі з інваліднасцю. Пры аддзяленні Саюзу палякаў у Лідзе ёсць сем’і з дзецьмі-інвалідамі, для якіх спадарыня Ірэна арганізоўвала паездкі, дапамагала з інваліднымі вазкамі і хадункамі. У школе дапамагала дзецям гуманітаркай. Актыўна дапамагала ў мясцовым касцёле.
«Апошні раз 23 сакавіка мама арганізавала вялікую прыборку ў касцёле, да свята, нібыта нешта прадчувала. Таксама яна ўдзельнічала ў аднаўленні старых помнікаў. Я пра ўсю ейную актыўнасць нават і не ведаю. Часам незнаёмыя людзі мяне пытаюць: «А вы дачка Ірэны Бернацкай? Вой, а мы яе ведаем, разам рабілі тое ці тое». Мама даволі вядомая асоба ў нашым горадзе. Хтосьці, вядома, можа не любіць яе за крытыку і просталінейнасць. Мама той чалавек, які заўсёды ўсё кажа ў вочы. Калі нешта не так, яна кажа, што думае. Мы самі па сабе актыўныя, мы ніколі не пройдзем побач і не заплюшчым вочы на беззаконне. У нас характар гарачы, мяне разрывае, калі бачу несправядлівасць. Сястра такая ж», – кажа Вераніка.
«Мама падняла ружанец да вачэй міліцыянта і казала пра сумленне і грэх»
«Пасля жнівеньскіх падзеяў мы ўсе, акрамя нашых мужчынаў, маем адміністратыўкі. Мама мае больш за ўсіх – тры», – распавядае Вераніка. Першая адміністратыўная справа стала вельмі гучнай: за малітву каля касцёлу.
«Пасля збіцця людзей 9–11 жніўня на вуліцы выйшлі жанчыны. Гэта была серада, 12 жніўня. Мы выйшлі таксама, і мама тады сказала, што ўсё, што нас выратуе, гэта малітва», – узгадвае Вераніка.
Група людзей сабралася на вуліцы каля фарнага касцёлу і пачала маліцца за Беларусь Пампейскай навэннай (малітва цягам 58 дзён). Кожны дзень да іх прыязджалі патрульныя машыны і папярэджвалі аб несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Здымалі на камеру, назіралі, але нікога не чапалі. Але па тварах ужо ведалі, хто ходзіць і моліцца. 1 верасня міліцыянты прыехалі і пачалі здымаць усіх на відэа. Жанчыны, якія маліліся, сталі адварочвацца, пачалася сварка. Падышлі мужчыны, і міліцыя пачала іх затрымліваць. Падбеглі жанчыны з ружанцамі, Ірэна Бярнацкая і яшчэ адна жанчына паднялі ружанцы да вачэй міліцыянтаў і пачалі гаварыць пра сумленне і грэх. Пасля гэтага Ірэну выклікалі ў пракуратуру і склалі пратакол.
«Выклікалі толькі яе адну. На судзе далі штраф 800 рублёў. Пасля гэтага мама абскарджвала рашэнне ў абласным судзе, і ў матывавальнай частцы ўжо паўсюль значылася, што мама – старшыня аддзелу незарэгістраванага СПБ у Лідзе», – адзначае Вераніка.
Другі пратакол быў складзены на Ірэну Бярнацкую ў кастрычніку. У нядзелю 25 кастрычніка яна была ў касцёле, пасля службы сустрэлася там з хлопчыкам Уладзікам – ён з інваліднасцю. Яны паразмаўлялі наконт вазка. У гэты дзень традыцыйна сабраўся мітынг каля касцёлу. Ён стаў апошнім у Лідзе – тады забралі практычна ўсіх. Спадарыню Ірэну, якая ішла разам з хлопчыкам побач з калонай людзей, таксама затрымалі.
Трэці пратакол склалі на Ірэну Бярнацкую за падзеі 18 студзеня, калі выносілі прысуд вядомаму лідскаму актывісту Вітольду Ашурку. Нехта ў зале суда крыкнуў «Жыве Беларусь!», і схапілі ўсіх, хто там быў, у тым ліку спадарыню Ірэну. Яе аштрафавалі на 50 базавых.
«Калі б мы прапанавалі маме з’ехаць, яна б сказала «не»
24 сакавіка, за дзень да затрымання, у Ірэны Бярнацкай быў дзень народзінаў. «Мы прыехалі яе павіншаваць, і зразумела, у гэты вечар не чыталі навінаў. А тады пайшла інфармацыя па тэлеграм-каналах, што на Анджэліку Борыс і групу асобаў заведзеная крымінальная справа паводле арт. 130. Можна было б выказаць здагадку, што могуць быць затрыманыя ўсе кіраўнікі аддзяленняў Саюзу палякаў. Але калі б мы нават прачыталі гэтую навіну тады і прапанавалі маме з’ехаць, яна б сказала «не». Яна нарадзілася і ўсё жыццё пражыла тут. І казала: «Чаму я мушу з’язджаць, калі нічога кепскага не зрабіла?» – узгадвае Вераніка.
На панядзелак яна рыхтуе новую перадачу для мамы: медыкаменты. У камеры спадарыні Ірэны 6 чалавек, таму разлічвае на ўсіх.
«Я пацікавілася, можа, у кагосьці ў камеры няма каму перадаваць перадачкі, і мы маглі б яшчэ 30 кг збіраць? Але мама праз адваката перадала, што не трэба, усяго ва ўсіх хапае. Адзінае, папрасіла грошы, каб купіць вады. Я пералічыла ёй у першы ж дзень арышту, яна яшчэ, пэўна, не ведала пра іх. Мне распавядалі, што каштарысы там, як і ў краме, можа, якіх тры капейкі розніца. Гэта добра, будзем разумець, як што разлічваць. Яшчэ засталося тэлевізар завезці», – кажа Вераніка.
Яна адзначае, што хоць у іх сям’я, якая выхоўвалася на польскіх традыцыях, але яны нарадзіліся тут, на беларускай зямлі. У іх засталася польская культура і мова, якія яны стараюцца захоўваць.
«У гэтай усёй сітуацыі ўсё ў руках Пана Бога, як ён пакіруе… Калі ён даў такое выпрабаванне нашай сям’і, значыць, мы мусім яго прайсці», – падсумавала Вераніка.
Пісаць лісты спадарыні Ірэне можна на адрас з пазначэннем поўнага імя, прозвішча, імя па бацьку: Ірэне Адольфаўне Бярнацкай, СІЗА № 1, вул. Валадарскага, д. 2, 220030, г. Менск.