Польскага святара на Брэстчыне маглі пазбавіць дазволу на служэнне ў Беларусі за малітву з грэка-каталікамі
У каталіцкай супольнасці Беларусі з’явілася версія, што польскі ксёндз Адам Страчынскі з Івацэвічаў мог страціць дазвол на служэнне і жыццё ў Беларусі праз сувязь з мясцовымі грэка-каталікамі. Паводле назіранняў вернікаў, пасля ліквідацыі грэка-каталіцкай парафіі яе святар нейкі час удзельнічаў у Імшах у рыма-каталіцкім касцёле.
Менавіта гэта, мяркуюць вернікі, і магло стаць фармальнай прычынай для ціску на пробашча. Хаця такая супольная малітоўная практыка не з’яўляецца нечым незвычайным ці супрацьзаконным, пасля ад’езду польскага святара грэка-каталіцкі святар таксама знік з парафіяльных фотаздымкаў. На гэтым фоне сітуацыя з ліквідацыяй грэка-каталіцкіх парафій на Брэстчыне выглядае яшчэ больш паказальна.







