Біскуп Юрый Касабуцкі: Наш народ перажывае сёння свой Крыжовы шлях
«Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць»…
Такімі словамі моліцца Хрыстос за сваіх забойцаў і катаў. «Маліцеся за ворагаў вашых»,- павучае Збаўца сваіх вучняў. Гэта толькі два прыклады з вельмі багатага зместу вучэння Хрыста.
Сёння я зразумеў, што мне ўсё цяжэй маліцца за людзей, якія ў нашай краіне б’юць, калечаць, зневажаюць, прыніжаюць чалавечую годнасць, кідаюць у вязніцы нявінных людзей, сярод якіх шмат маіх сяброў і знаёмых, шмат нашых вернікаў…
Я не магу зразумець, ЧАМУ гэтыя людзі так сябе паводзяць. Грошы? Няўжо яны думаюць, што крывавыя і праклятыя тысячамі людзей грошы прынясуць ім і іх сем’ям шчасце? Напэўна хтосьці, але не ўсе ж!!! Праца ідэолагаў і «прамытыя мазгі»? Хтосьці так, але не ўсе ж настолькі дэградавалі, што не ў стане адрозніць зло ад дабра!!! Садызм як форма псіхічнага разладу, падмацаваны хімічнымі рэчывамі (адрэналін, псіхатропы і т.п.), які раз’юшвае агрэсію і нянавісць? Таксама не можа быць ні ў якім выпадку апраўданнем надзвычайнай жорсткасці і здзекаў з людзей!!!
Таму я бачу неабходнасць маліцца за іх і не спыняць гэтай малітвы. Такая малітва і для мяне будзе пэўнай формай працы над сабой. Заклікаю ўсіх працягваць маліцца за нашу краіну, за наш народ, асабліва за тых, хто найбольш патрабуе нашай малітвы і падтрымкі, за палітвязняў, за збітых і прыніжаных, за ахвяраў рэпрэсій… Наш народ перажывае сёння свой Крыжовы шлях і разам з Хрыстом нясе свой крыж. Аднак трэба заўсёды памятаць, што пасля Галгофы было хвалебнае уваскрасенне…