«Беларусь грукаецца ў дзверы Ватыкана»

Read in English

Цягам апошніх двух гадоў беларуская грамадзянская супольнасць, а таксама палітвязні і іх сем’і, неаднаразова звярталіся да Апостальскай Сталіцы і папы Францішка ў надзеі, што Ватыкан зможа пасадзейнічаць спыненню рэпрэсій у Беларусі і вызваленню палітычных вязняў. “Хрысціянская візія” адсочвала гэтыя спробы і садзейнічала ім.

Гэтымі днямі “Хрысціянская візія” выдала па-ангельску кнігу “Belarus Knockin’ at the Vatican’s Doors: Appeals of the Belarusian Civil Society in the Context of the Political Crisis 2020” (Беларусь грукаецца ў дзверы Ватыкана: Звароты грамадзянскай супольнасці ў кантэксце палітычнага крызіса 2020 года), якая дакументуе спробы беларускай грамадзянскай супольнасці заручыцца падтрымкай Апостальскай Сталіцы.

Яна адкрываецца водгукам Святланы Ціханоўскай на энцыкліку папы Францішка Fratelli tutti, у якой лідарка дэмакратычнай Беларусі разважае пра магчымыя шляхі вырашэння канфлікту ў грамадстве ва ўмовах, калі толькі адзін бок мае сродкі гвалту і з ахвотай карыстаецца імі дзеля несправядлівага ўтрымання ўлады.

Тэму працягвае тэкст ксяндза Вячаслава Барка, папулярнага відэаблогера і прапаведніка, “Папа Францішак, як спыніць вайну ў Беларусі? Як спыніць зло?”

У кнізе публікуюцца лісты да папы Францішка палітычнага зняволенага Ігара Лосіка, жонкі палітычнага зняволенага Паўла Севярынца і групы сужонкаў і сваякоў палітычных зняволеных у Беларусі “Вызваленне”.

Гэтыя звароты суправаджаліся лістамі ад “Хрысціянскай візіі”, якія публікуюцца ўпершыню.

Таксама ўпершыню публікуецца ліст “Хрысціянскай візіі” да дзяржсакратара Апостальскай сталіцы кардынала П’етра Параліна.

Кніга заканчваецца аналітычным артыкулам каардынатаркі “Хрысціянскай візіі” Наталлі Васілевіч пра стаўленне Ватыкана да падзей палітычнага крызіса 2020-21 гг. у Беларусі.

Электронны файл (PDF, 1.4 Mb) кнігі можна спампаваць задарма.

Інфармацыю пра распаўсюд друкаванай версіі можна атрымаць на сайце выдавецтва Скарына.