КАНФЕСІІНавіныПа-беларускуРыма-Каталіцкая ЦаркваХрысціяне за кратамі

Белсат: У Віцебскай калоніі зладзілі падпольны Касцёл

Выданне запісала гісторыю былога вязня і каталіцкага верніка Сяргея Сабалеўскага.

«На «Віцьбе» сядзіць дастаткова каталікоў, але святароў да іх не пускаюць. Начальнік палітаддзелу калоніі на запыты зняволеных вернікаў адказваў, што біскуп Буткевіч памёр (супрацоўнік калоніі «некалькі разоў так «хаваў» біскупа») і што ніхто з ксяндзоў да іх не хоча ехаць. Усё гэта было няпраўдай», — распавядае герой матэрыялу.

Адміністрацыя калоніі не дазваляла вернікам ні паспавядацца, ні прымаць Камунію. Вязень распавядае, што атрымаў ліст з з бласлаўленнем ад нунцыя Антэ Ёзіча «праводзіць Імшы без права споведзі ці ўдзяляць Камунію». Відавочна маецца на ўвазе магчымасць, прадугледжаная Кодэксам Кананічнага Права — «калі па прычыне адсутнасці святога служыцеля або па іншай важкай прычыне ўдзел у эўхарыстычнай цэлебрацыі аказваецца немагчымым, вельмі рэкамендуецца, каб вернікі прымалі ўдзел у Літургіі слова (…) або каб праводзілі належны час на малітве» (кан. 1248 п.2).

Гэта практыка вядомая беларускім каталікам, якія жылі ў СССР. Тады з-за адсутнасці святароў вернікі проста збіраліся на нядзельную малітву, каб адзначыць святы дзень.

«На святы мы ссоўвалі сталы проста ў бараку, запальвалі свечкі і ўсе разам маліліся. І праваслаўныя прыходзілі да нас. Яны нават свечкі рабілі для нас паводле нашых стандартаў. Так, рабілі і прыносілі з царквы. Не толькі праваслаўныя — і мусульмане да нас прыходзілі», — апавядае Сяргей.