Беларускія цэрквы і Дзень волі 2018 года

Соты юбілей БНР выпаў на нядзелю і ў цэрквах розных канфесій адбыліся набажэнствы з малітвай за Беларусь. У менскай Архікатэдры арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з казаньнем, дзе назваў БНР “Зьвеставаньнем беларускай незалежнасьці”. Ён скончыў прамову так: “Бог хоча бачыць Беларусь як краіну, пра насельнікаў якой будуць казаць: “Паглядзіце, як яны любяць адзін аднаго!” У новы шлях! З Богам, наша любая Бацькаўшчына!”
На мітынгу ля Опернага тэатру выступілі сьвятары розных традыцый, у тым ліку прэс-сакратар БПЦ пратаярэй Сяргей Лепін. Ён заклікаў “любіць Беларусь перш за ўсё ў сваім бліжнім” і скончыў словамі “Слава Хрысту! Жыве Беларусь!”
З нагоды стагодзьдзя БНР беларускія цэрквы адышлі ад пазіцыі “або поўная апалітычнасьць, або падтрымка дзяржавы” і зрабілі крок насустрач грамадзянскай супольнасьці. Цэрквы пачалі вяртаць сабе незалежны голас, які магутна прагучаў у 2020 годзе і, нягледзячы на ціск рэжыму, працягвае гучаць і зараз.