Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў на Купалавым фэсце

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў на Купалавым фэсце

Placeholder

У нядзелю 11 ліпеня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах адзначылі Купалаў фэст, які сёлета прайшоў з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і паэта Уладіміра Някляева. Фэст традыцыйна праводзіцца ў ліпені пры касцёле, дзе быў ахрышчаны Янка Купала (Іван Луцэвіч).

«Ганьба таму чалавеку, што рукі апусціць, як перавяслы, і чакае, пакуль сама доля к яму прыйдзе ў хату і папросіцца, каб прыняў яе з ласкі свае! Ганьба таму, хто, вочы на ўсё заплюшчыўшы, будзе ісці ўцёртай здавён сцежкай няпраўды і бяспраўя, думаючы, што іначай быць ніколі не можа і што не ў яго волі змяніць стары парадак бессумленнага жыцця! Ганьба таму, хто, радзіўшыся ў ярме, валочыць яго пакорна, як вол стары, не парываючыся нават хоць на час выпрагчыся з гэтага ярма, паганячага пачуццё яго чалавечае!” — працытаваў арцыбіскуп Кандрусевіч асабліва актуальныя сёння словы Старцы з купалавай драмы «Раскіданае гняздо».

«Грамадска-палітычны крызіс, які мы цяпер перажываем, гэта вынік нашага грахоўнага жыцця і патаптання асноватворнага хрысціянскага прынцыпу: „Не рабі іншаму таго, чаго не хочаш, каб табе рабілі“. Таму ў нашым грамадскім жыцці мы не можам заставаца маўклівымі сведкамі граху і несправядлівасці, і, карыстаючыся сацыяльным вучэннем Касцёла, павінны шляхам навяртання, прабачэння і паяднання імкнуцца да мірнага вырашэння крызісу, які перажываем. Да гэтага ў сваёй паэзіі заклікае нас наш славуты земляк Янка Купала. Няхай яго памяць заўсёды будзе жывой у пакаленнях, а Добры і бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог прыме яго ў радасць вечнага шчасця», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава