Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Арцыбіскуп Кандрусевіч на Імшы з біскупам Велікасельцам: «Я адыходжу як кіруючы біскуп, але як біскуп застаюся»

Арцыбіскуп Кандрусевіч на Імшы з біскупам Велікасельцам: «Я адыходжу як кіруючы біскуп, але як біскуп застаюся»

Арцыбіскуп Кандрусевіч на Імшы з біскупам Велікасельцам: «Я адыходжу як кіруючы біскуп, але як біскуп застаюся»

24 студзеня, у Нядзелю Божага слова, у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі святую Імшу цэлебравалі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі, новапрызначаны Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец разам з Ганаровым Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

У цэлебрацыі ўзялі ўдзел Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, святары і шматлікія вернікі.

Прамую трансляцыю гэтай святой Імшы, якая вялася на партале Catholic.by, паглядзела каля тысячы чалавек з розных куткоў Беларусі і з замежжа.

Эўхарыстыя ў галоўнай каталіцкай святыні беларускай сталіцы, якая адбывалася ў Нядзелю Божага слова, распачалася з інтранізацыі Бібліі.

На пачатку цэлебрацыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што ў сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту і прыняццем Папам Францішкам абавязковай у такім выпадку просьбы аб адстаўцы ён завяршае сваё служэнне як дыяцэзіяльны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Арцыпастыр падзякаваў сваім дапаможным біскупам Юрыю Касабуцкаму і Аляксандру Яшэўскаму, а таксама святарам і кансэкраваным асобам за сумесную працу.

Акрамя таго, словы шчырай падзякі іерарх скіраваў вернікам архідыяцэзіі і ўсёй Беларусі за іх падтрымку, малітвы і салідарнасць з ім у няпросты час выгнання, якое доўжылася чатыры месяцы.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама папрасіў прабачэння за тое, калі кагосьці пакрыўдзіў, запэўніўшы пры гэтым, што заўсёды імкнуўся служыць Богу, Касцёлу і Айчыне. Ён дадаў, што і надалей, наколькі дазволіць Бог, працягне служэнне Касцёлу і беларускаму народу праз удзел у розных цэлебрацыях, у працы Канферэнцыі біскупаў, у ажыццяўленні пастырскіх планаў і іншых касцёльных падзеях.

«Змена біскупа пасля дасягнення ім 75-гадовага ўзросту — гэта нармальная справа. Я адыходжу як кіруючы біскуп, але як біскуп застаюся.Пры гэтым важна, што, нягледзячы на змену біскупаў, Касцёл застаецца, дзейнічае і брамы пякельныя яго не перамогуць», — сцвердзіў Ганаровы Мітрапаліт, пасля чаго прадставіў вернікам новапрызначанага Апостальскага адміністратара архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца, папрасіўшы прыняць яго з любоўю і маліцца аб яго служэнні.

Займаючы месца галоўнага цэлебранта пры алтары, біскуп Велікаселец падзякаваў арцыбіскупу Кандрусевічу за яго вернае шматгадовае служэнне Касцёлу, дадаўшы, што святую Імшу цэлебруе ў яго інтэнцыі.

Гамілію прамовіў Ганаровы Мітрапаліт, узгадаўшы ў ёй напачатку пра значэнне Нядзелі Божага слова, устаноўленай Папам Францішкам год таму з мэтай абудзіць у вернікаў любоў да заўсёды жывога і дзейснага Божага слова.

«Нездарма першымі словамі, з якімі да сваіх слухачоў звярнуўся Езус, былі словы: Навяртайцеся і верце ў Евангелле»,— падкрэсліў арцыпастыр.

Ён дадаў, што першае чытанне, у якім апавядаецца пра навяртанне жыхароў старажытнай Нінівы дзякуючы пропаведзі прарока Ёны, паказвае неабходнасць паслухмянасці Богу і тое, якую моц мае Божае слова.

«Таму мы павінны заўсёды звяртацца да Бога, каб на евангельскіх прынцыпах вырашаць усе нашыя праблемы. Таксама і праблемы сучаснай Беларусі, якая знаходзіцца ў нябачным дагэтуль грамадска-палітычным крызісе. Нашай Бацькаўшчыне прагражае лёс Нінівы. <…>

Што будзе заўтра? Quo vadis? — Куды ты ідзеш, Беларусь? Калі мы хочам захаваць нашу краіну, то павінны следаваць закліку Езуса верыць у Евангелле і навяртацца.Кожнаму з нас паасобку і ўсяму нашаму народу неабходна навяртанне, да якога заклікае Божае слова», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён звярнуў увагу на тое, што сёння, калі народ жыве так, як быццам Бог не існуе, неабходна ісці да людзей і так, як рабілі гэта пакліканыя Хрыстом Апосталы, нанава сеяць Божае слова ў чалавечых душах. Іерарх нагадаў, што Папа Францішак заклікае святароў і біскупаў ісці на перыферыю сучаснага свету і абвяшчаць Божае слова, якое мае моц змяняць чалавечыя лёсы.

Напрыканцы гаміліі Ганаровы Мітрапаліт асаблівым чынам звярнуўся да біскупа Казіміра Велікасельца.

«У сённяшнім Евангеллі мы пачулі словы Езуса, што настаў час і наблізілася Божае Валадарства. <…> Дарагі брат, цяпер для цябе настаў час, калі ты ўступаеш у новы этап свайго жыцця, калі ты ўжо не толькі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі, але таксама і Апостальскі адміністратар з правамі ардынарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Гэта накладае на цябе новыя абавязкі і заклікае да новай актыўнай дзейнасці лаўца чалавечых душаў.

Ідзі да ўсіх людзей: тых, хто мае ўладу, і тых, хто пакутуе; да вучоных і простых, багатых і бедных, маладых і старых, здаровых і хворых, свабодных і зняволеных.Мужна выконвай абавязкі настаўніка, абвяшчай Божую праўду ў спрыяльны і неспрыяльны час, асвячай людзей Божай ласкай і мудра кіруй Божым народам. Няхай цябе ў гэтым служэнні благаславіць Бог, а Найсвяцейшая Панна Марыя няхай атуляе сваёй Матчынай апекай», — пажадаў Ганаровы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч біскупу Казіміру Велікасельцу.

На заканчэнне цэлебрацыі да прысутных ад імя духавенства і вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі звярнуўся Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх падзякаваў за служэнне арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу і пажадаў шчодрых ласкаў Божых біскупу Казіміру Велікасельцу на час выканання ім ускладзеных на яго абавязкаў Апостальскага адміністратара.

Словы падзякі і добрыя пажаданні прагучалі ад Апостальскага візітатара для беларускіх грэка-католікаў архімандрыта Сяргея Гаека, а таксама ад маладых вернікаў мінскай архікатэдральнай парафіі.

Біскуп Казімір Велікаселец, у сваю чаргу, звярнуў увагу на тое, што яго служэнне ахапіла большую частку тэрыторыі Беларусі — ад Брэста да Гомеля і Мінска.

«Новае прызначэнне — гэта Божая воля, і я з вашаю дапамогаю і малітваю буду выконваць гэтую Божую волю»,— сказаў Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, звярнуўшыся з просьбай аб заступніцтве да Маці Божай Вастрабрамскай.

Цэлебрацыя завяршылася спевам беларускага рэлігійнага гімну-малітвы «Магутны Божа».

catholic.by


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава