Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч наведаў Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Веніяміна

20 лістапада Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч наведаў з братнім візітам Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.
Як паведаміў партал Беларускай Праваслаўнай Царквы Church.by, сустрэча мела характар знаёмства.
У Апостальскай нунцыятуры ў Мінску адзначылі, што сустрэча з Патрыяршым Экзархам стала адным з першых і найбольш важных візітаў новапрызначанага прадстаўніка Папы Францішка ў Беларусі.
Паведамляецца, што Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы і Апостальскі нунцый абмеркавалі шэраг пытанняў, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, у прыватнасці, духоўнае асэнсаванне падзей, што адбываюцца ў Беларусі і ў свеце, захаванне міжканфесійнага міру і традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў, развіццё духоўнай адукацыі, супрацьдзеянне каранавіруснай інфекцыі і іншыя.
На заканчэнне сустрэчы бакі абмяняліся добрымі пажаданнямі і падарункамі, паведамляе Church.by.