Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Апошняе слова Зьмітра Дашкевіча ў судзе

Апошняе слова Зьмітра Дашкевіча ў судзе

Апошняе слова Зьмітра Дашкевіча ў судзе

«Канечне, я разумеў, што мяне чакае, але тое, што я пачуў ад пракурора, гэта вышэй за разуменьне ….

Ісус даў нам уладу адпусьціць грахі чалавеку ці пакараць. Які павінен быць грэх, што маці чатырох дзяцей, немаўлятка неданошанага, просяць пасадзіць у турму?

Я часам задаю сабе пытаньне, што думаюць гэтыя людзі, … калі просяць выносіць прысуды. Было б прасьцей, каб мы бачылі перад сабой зьвяроў. А так яны ходзяць, усьміхаюцца. Сьледчыя, якія пішуць гэтыя справы, просяць прабачэньня, усьміхаюцца, цукеркі носяць на закрыцьцё справы ….

Летась я стаяў …, калі да мяне падышла дзяўчына са сьлязамі на вачах. Кажа: «Вось даведалася, што вы тут стаіце, прыйшла папрасіць прабачэньня». Я не зразумеў, пра што яна гаворыць. Кажа: «Тата мой у 2004 годзе даў вам 14 сутак, памятаеце?» А я вельмі добра запомніў, таму што гэта быў адзіны выпадак, калі мне 14 сутак давалі. І вось праз 17 гадоў да мяне падышла дачка судзьдзі і сказала: «Прабачце …». Напэўна, адзін з самых шчымлівых момантаў за гэтыя больш чым 20 гадоў …. Я не пасьпеў у яе запытаць, але напэўна яна размаўляла з татам, тата думаў пра гэта ўсе гады. Даючы мне 14 сутак, разумеў, што ён робіць беззаконьне. Нават 14 сутак, хоць у той момант я ня вельмі расстроіўся б і 14 гадам. А тут па паўтара мы года просім матулі зь немаўляткам на руках.

Што адбываецца зараз, немагчыма зразумець. Калі падчас арышту мяне білі пры маёй жонцы цяжарнай і казалі: «Что говорит этот человек? Пусть говорит нормально. Пусть нормально разговаривает». Калі везьлі ў машыне, гэты губопавец сказаў: «Я б цябе зьнішчыў толькі за тое, што ты дзяцей …» Я кажу: «Паслухай, што я раблю ня тое?» Ён: «Ну вось лісты пішаце, мы пазнаходзілі лісты, далучылі да крымінальнай справы». Знайшлі лісты, якія дзеці нашыя пісалі Марыі Калесьнікавай — «Маша, мы молімся за цябе, мы любім цябе». Вось гэта злачынства — дзеці пішуць лісты палітвязьням.

Калі мяне арыштоўвалі на Акрэсьціна па крымінальнай справе, таксама губопаўцы сьмяяліся: «Жонка будзе нараджаць у турме». Я думаў, што гэта самы страшны дзень у маім жыцьці, але сёньня, напэўна, яшчэ страшнейшы.

Настачка, прабач мне, што я цябе ў гэта ўцягнуў. Ня мог уявіць ніколі, што такое можа з намі адбыцца. Я ўвесь час разважаў, што я нясу гэты крыж, але я ня мог падумаць у страшным сьне, што я ўскладу гэты крыж на цябе. Даруй мне, што я так мала думаў пра цябе. Я кахаю цябе і малюся за цябе і за нашых дзетак, за неданошанага Даніільчыка нашага … (плача). Ты сьвятая жанчына …. Я ня ведаю такіх …. Даруй, што я падвёў цябе.

Я не разумею, што адбывацца …. Людзі з вышэйшымі юрыдычнымі адукацыямі лічаць, што злачынца — гэта той, хто супраць гвалту выйшаў, а ня той, хто робіць гвалт. Злачынцамі яны лічаць таго, хто хоча праўды, а не таго, хто кажа «Часам не да законаў». Спадзяюся на Божую волю, хоць я не разумею, што адбываецца, скажу вам так.

У тым, што такая сыстэма ня можа існаваць, няма сумневу. Я проста зычу вам, судзьдзі, пракуроры, падумаць пра душу сваю. Я заўсёды кажу на судах (хоць гэта і бессэнсоўна): Ісус Хрыстос кажа — што ты дасі за душу сваю, калі прыйдзе дзень суду справядлівага? Што ты дасі за душу сваю, калі будзе суд сапраўдны? Вы назвалі сябе судом. Бог называе сябе судом. Імя Бога — судзьдзя. І я адказваю: прыйшоў судзьдзя і судзіў мяне справядліва за тое, што выйшаў 23-га зь дзецьмі і раздаваў буклеты «Малітва за Беларусь», Бібліі раздаваў. У дзень сапраўднага суду вы нічога не дасьцё за сваю душу. І дай Бог, каб вашы дзеці праз 17 гадоў ці праз 17 месяцаў, ці вы самі прыйшлі і сказалі: «Прабач». І, бачыць Бог, не жадаю нікому з вас зла. Адзінае, каб вы трошку задумаліся, што вы робіце, ці ёсьць нешта, што б вы не зрабілі, калі вам загадаюць, ці ёсьць для вас нейкія межы».


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава