Новы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі афіцыйна ўступіў на пасаду
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
У суботу 23 кастрычніка ў менскай Архікатэдры адбылося афіцыйнае ўступленьне на пасаду новага мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага — трэцяга сталічнага біскупа Каталіцкага Касьцёлу ў гісторыі незалежнай Беларусі.
У імшы прынялі ўдзел большасьць беларускіх каталіцкіх біскупаў, дзясяткі сьвятароў і шматлікія вернікі. Прысутнічалі прадстаўнікі ад Праваслаўнай і Лютэранскай цэркваў, ад юдэйскай супольнасьці, а таксама Ўпаўнаважаны па справах рэлігій Аляксандр Румак.
У прамове-казаньні мітрапаліт Юзаф Станеўскі падзякаваў сваім блізкім і настаўнікам, вернікам Гродзенскай дыяцэзіі, дзе ён служыў раней, а таксама папрасіў нунцыя Антэ Ёзіча перадаць Папу Францішку, што «на Беларусі Бог жыве» па словах Уладзіміра Караткевіча. Ён закрануў тэму адбудовы Касьцёла, асабліва ў сувязі з сімвалічным пажарам у Будслаўскай дыяцэзіі, асаблівым чынам зьвярнуўся да сем’яў і моладзі. Мітрапаліт сказаў, што Касьцёл не займаецца палітыкай непасрэдна, але падкрэсьлівае вартасьць палітычнага жыцьця, для якога важнае значэньне мае рэлігійная свабода.
Зьвяртаючыся да Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча, Юзаф Станеўскі сказаў: «Абяцаю ахінуць сваёю малітваю просьбу Святога Пасаду аб паскарэнні працэсу амністыі для зняволеных, аб якой Вы казалі на сёлетнім юбілеі 260-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай папскімі каронамі. Каб паядналіся сем’і».
Пасьля імшы са словамі пажаданьня першым выступіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, папярэднік Юзафа Станеўскага на менскай катэдры. Ён нагадаў новаму мітрапаліту, што той пачынае сваё служэньне ў «складаны час новых маральных і грамадска-палітычных выклікаў». «Ня бойся крыжа», «Ня бойся абвяшчаць Божае Слова ў час спрыяльны і неспрыяльны», «Ідзі да багатых і бедных, свабодных і тых, хто ў вязьніцы» — такія заклікі сярод іншага прагучалі з вуснаў Тадэвуша Кандрусевіча.
Напрыканцы Юзаф Станеўскі зноў узяў слова і прамовіў па-польску, па-руску і па-беларуску, падкрэсьліўшы, што «наш народ сёньня ясна ўсьведамляе неабходнасьць адзінства».