Заяву Ватыкана па Беларусі каментуе эксперт Пётра Рудкоўскі
У вечаровым эфіры тэлеканала «Белсат» сённяшнюю заяву Ватыкана па Беларусі каментуе эксперт Пётра Рудкоўскі з Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў.
«Да гэтага часу Ватыкан быў вельмі скупы на заявы па беларускай тэматыцы, як, зрэшты, і па іншых аналагічных тэмах, напрыклад, па венесуэльскім крызісе. Тым не менш, заява прагучала, і там з’явіліся такія вартыя ўвагі словы, што «Святы Пасад захоўвае прыхільнасць дэмакратычным і мірным рашэнням». Ватыкан часта акцэнтуе «мірныя рашэнні», але не так ахвотна выкарыстоўвае словы «дэмакратычныя рашэнні», а тут яны былі выкарыстаныя. Таксама гаворка ідзе пра «легітымныя патрабаванні беларускага народа». Гэтыя два выразы, на першы погляд вельмі агульныя і расплывістыя, на агульным фоне дыпламатыі і знешняй палітыкі Ватыкана яны маюць пэўную інфармацыйную моц».
«У Лукашэнкі быў пэўны рэспект да Святога Пасаду і па псіхалагічных прычынах, і таксама па тактычных прычынах — няма патрэбы сварыцца з тымі, хто асабліва не жадае сварыцца з табою, гэта аксіёма, якой Лукашэнка прытрымліваецца. Таму да гэтага часу складваліся даволі нармальныя, цёплыя адносіны з Ватыканам. У выпадку пантыфіката Францыска гэтая рыторыка Лукашэнкі пра «добрага папу», які «разумее нас», яшчэ больш выразная. На гэта ёсць прычыны, бо папа Францыск, у адрозненне ад папы Яна Паўла ІІ, гэта той папа, які робіць стаўку на «будаванне мастоў», у тым ліку з аўтарытарнымі рэжымамі. Лічыць, што так будзе лепш для простых людзей, якія жывуць у гэтых краінах.»