«Стан здароўя падвёў не яго, а Царкву» — каментар ксяндза Вячаслава Барка наконт звальнення архіяпіскапа Арцемія
ВячаслаўБарок
Рымска-каталіцкі святар Віцебскай дыяцэзіі. Душпастыр беларусаў у Варшаве. Блогер.
«Па стане здароўя, 9 чэрвеня 2021 г. Гродненскага праваслаўнага архібіскупа Арцемія, ўчора чальцы Сіноду БПЦ адправілі на спачын. І ўчора ж, у паспешлівай форме Сінод РПЦ у Маскве гэтае ж рашэнне зацвердзіў.
“Па стане здароўя”- лічу, што гэта фармуліроўка вельмі ёсць трапная і праўдзівая. Уладыку адправілі па стане здароўя, але стан здароўя падвёў не іерарха, а Царкву. Гэта падзея высветліла, што сур’ёзна захварэла Царква. Сам жа Арцемій, вядома, праблемы са здароўем мае, але, як паказаў апошні год, тыя праблемы 68-гадоваму іерарху ніяк не заміналі служыць у Царкве на хвалу Бога і для дабра Беларусі, і мог бы яшчэ далей служыць аж да 75 год свайго жыцця. Акурат у такім узросце звычайна іерархі ідуць на пенсію. Гэта яго людзі называлі сумленнем БПЦ. Гэта яго пропаведзі на ютуб набіралі найбольш праглядаў з-пасярод усіх іншых іерархаў праваслаўных у Беларусі.
Гэта яго таксама слухалі каталіцкія святары, ды той сёй з духавенства рэўнасна заўважаў, што ў католікаў няма такога іерарха, каб так проста і ясна выказваўся пра праблемы грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі.
Я таксама на сваім ютуб канале не раз узгадваў імя біскупа Арцемія ды цытаваў яго словы. <…>
Вось атрымоўваецца на спачын адправілі таго, хто прапаведваў, а той хто маўчыць, далей пазастаецца ў шэрагах дзейсных. І гэта дае падставу цвердзіць, што на спачын Уладыку Арцемія сапраўды адправілі па прычыне хваробы- але хварэе Царква. Гэта хвароба рэальна перашкаджае БПЦ служыць на хвалу Богу і для дабра народа. Бо служба рэжыму і сваім меркантыльным інтэрэсам, гэта зусім не тое.
Чаму ж мяне, каталіцкага ксяндза, наогул цікавіць лёс Уладыкі Арцемія і БПЦ. Таму што Царква Хрыстова ў нас адна, хоць і розныя канфесіі. Апостал Павел усім хрысціянам казаў так: “Вы – цела Хрыстовае, а паасобку – члены.” (1Кар 12, 27) Ды прасіў, “каб усе члены аднолькава клапаціліся адзін пра аднаго.Таму, калі пакутуе адзін член, то з ім пакутуюць усе члены; і калі славіцца адзін член, то з ім радуюцца ўсе члены” (1 Кар 12,25-26)
Вось таму я і перажываю за БПЦ, бо за Касцёл Каталіцкі перажываю і за ўсіх хрысціянаў. А калі ж хварэе адна Царква, то магчыма і другая таксама хварэе, бо хвароба заразная. І гэты сіндром — падпарадкоўвацца не Богу і Праўдзе Евангелля, але зямной уладзе, можа хутка перакінуцца і на Касцёл Каталіцкі…»