Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Уладзімір Мацкевіч, філосаф і хрысціянін падзяліўся назіраннямі, што дапамагала трымацца ў вязніцы і пры чым тут вера

Уладзімір Мацкевіч, філосаф і хрысціянін падзяліўся назіраннямі, што дапамагала трымацца ў вязніцы і пры чым тут вера

Уладзімір Мацкевіч, філосаф і хрысціянін падзяліўся назіраннямі, што дапамагала трымацца ў вязніцы і пры чым тут вера
Аўтар
Фота аўтара

УладзімірМацкевіч

Філосаф, метадолаг, хрысціянін-рэфармат, былы палітзняволены.

Філосаф і хрысціянін-рэфармат Уладзімір Мацкевіч, вызвалены 11 верасня 2025 года дзякуючы дыпламатычным намаганням ЗША, які цяпер знаходзіцца ў Вільні, падзяліўся з «Хрысціянскай візіяй», як вера дапамагала яму ў зняволенні. «Хрысціянская візія» падчас гэтага зняволення, у шэрагу іншых хрысціян-палітвязняў, апекавалася Уладзімірам, малілася за яго, уздымала ягоную гісторыю на розных міжнародных пляцоўках, прыцягвала ўвагу да філасофскай і метадалагічнай спадчыны мысляра.

У цяжкіх умовах турмы вера ратуе. Ратуе не ў сэнсе ратавання нашага Збаўцы, а проста — у гэтым жыцці, тут, у самых звычайных умовах.

Калі я трапіў у турму, у мяне было такое адкрыццё — адчуванне, што я свабодны. Напэўна, гэта таму, што напрыканцы 20-га — на пачатку 21-га года я жыў у стане, калі быў абавязаны нешта рабіць, але зрабіць нічога не мог, бо ўжо нічога не было магчымым. Усё, што я мог рабіць, не было выніковым. Відаць было, куды ўсё цягне. Я жыў з пачуццём віны і адказнасці — яно моцна ціснула на мяне.

Калі мяне пасадзілі ў турму, я адчуў, што цяпер ад мяне нічога не залежыць. Я — сам-насам з сабой і павінен быць менавіта тут, у гэтых умовах. Галоўнае — не здрадзіць сабе, не здрадзіць Богу і трымацца. Гэтакое дзіўнае адчуванне свабоды суправаджа‌ла мяне ўвесь гэты тэрмін. Так, было шмат нюансаў, але гэта іншая, больш доўгая размова.

Раней я, напэўна, быў недысцыплінаваны вернік. У турме ж у мяне быў малітоўны марафон. Малітва адбывалася некалькі разоў на дзень, штодня: раніцай, на шпацырах, у турэмных дворыках і па натхненню. (Рэд. — У ранейшых інтэрв’ю Уладзімір Уладзіміравіч казаў, што адным з яго прашэнняў была просьба аб адмове ад помсты ў сэрцах беларусаў). Гэты марафон — дзіўная рэч, і я спадзяюся, што ён, як добрая звычка, застанецца са мной на ўсё жыццё.

У мяне амаль заўсёды была Біблія, але не мая. Справа ў тым, што ў мяне быў толькі Новы Запавет і Псалмы. Быў такі час, калі я шторанку адчыняў тры псалмы і паслядоўна іх чытаў; рабіў гэта многія разы. Стары Запавет не заўсёды быў даступны, бо яго нельга было перадаць. Калі я быў яшчэ ў СІЗА на Валадарцы, імкнуліся перадаць яго мне, але не прымалі. Потым у кніжных бандэралях таксама не прымалі. Стары Запавет я браў у бібліятэцы.

У вязніцы я сутыкнуўся з такой з’явай, як фарысейская паказная рэлігійнасць. Гэта калі людзі ў турме ідуць быццам шукаць Бога, а тое, што яны знаходзяць, — вельмі дзіўна. Быў у мяне знаёмы ў камеры, з якім я прасядзеў шмат часу. Дык вось ён расстаўляў шмат ікон і патрабаваў ад усіх на паўгадзіны змоўкнуць, бо ён моліцца. Дзве біблійныя цытаты падкрэслівалі гэтую з’яву. Адну з іх я гэтаму чалавеку зачытваў, на што ён вельмі раздражняўся. Гэта ўрывак з Евангелля паводле Мацвея (Мц. 6:5–7):

“І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі, што любяць у сінагогах і на скрыжаваннях вуліц стаяць, каб выставіцца перад людзьмі. Праўду кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду.

Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзверы твае, памолiся Айцу твайму, Які ў тайне; і Айцец твой, Які бачыць тайнае, аддасць табе адкрыта.

А молячыся, не гаварыце лішняга, як язычнікі; бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім будуць пачутыя.”

Калі ж у маіх руках была поўная Біблія, я знайшоў яшчэ адно месца ў кнізе Прыказак (28:9):

“Хто адварочвае вуха сваё, каб не чуць закона — таму малітва — брыдота.”

Гледзячы на гэтага чалавека, я пераканаўся, што нават у старазапаветныя часы вернікі добра разумелі гэта. Бог натхняў іх на тое: калі ты ставіш нейкія законы ці прынцыпы вышэй за запаветныя законы, за закон Майсея і тым больш за словы Хрыста, то твая малітва становіцца недарэчнай, а ўвогуле — вельмі шкоднай.

У турме я адразу пачаў пісаць, працаваць над памылкамі. Я прымусіў сябе гэта рабіць. Напісаў некалькі старонак, потым адчуў, што гэта не надта істотна — адчуваў, што пішу з прымусу. Але добра разумеў, што ёсць вартыя рэчы, якія я павінен напісаць. Я пачаў прасіць у Бога веры і разумення ад Яго, знак, што тое, што я буду пісаць, — гэта не лухта, не выдумка і не апалогія сябе, маўляў: вось, я бачу памылкі, але інакш я не мог. Пачаў прасіць веры больш, чым у мяне было. І прыйшло натхненне — я адчуў яго. Далей я пісаў цэлы сшытак на 96 старонак быццам не сам: Ён пасылаў мне гэта ў сэрца і галаву. Вось гэтае неверагоднае адчуванне.

Потым з пяцідзесяці сшыткаў, што я запісаў сваіх штудый — даследаванняў памяці, — дзесьці сем сшыткаў я напісаў пад уплывам божага азарэння. Такога я сам не мог стварыць, і, на жаль, гэта немагчыма ўзнавіць. Гэты прыгожы досвед даў мне сілы і магчымасць трымацца і дакладна ведаць, што я не дарэмна губляю час. Але ўсе мае сшыткі адабралі, і я баюся, што нешта з іх згубіцца. Разам з тым застаецца надзея, што, можа быць, яны трапяць у архіў. Там захаваюцца, і калісьці я ўсё гэта атрымаю. І той мой першы сшытак — быццам невялікі канспект майго шляху да Бога, ці, іншымі словамі, “Як Ён прыцягнуў мяне да Сябе”. Хочацца, каб ён усё ж захаваўся.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост