Заява БХД з нагоды ўручэння прэміі імя Андрэя Сахарава
Беларуская хрысціянская дэмакратыя віншуе беларусаў з уручэннем прэстыжнай прэміі Андрэя Сахарава — усім тым, хто сёння змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў нашай краіне.
Мы віншуем сустаршыню партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Вольгу Кавалькову і ўсіх тых, хто стаў лаўрэатам прэміі.
Мы дзякуем ўсім нашым еўрапейскім калегам за тую салідарнасць, якую сёння яны аказваюць Беларусі, за тую ўвагу і падтрымку ўсіх грамадзян нашай краіны і за салідарнасць з палітвязнямі.
Разам з тым мы вельмі шкадуем аб тым, што з-за правакацыйных дзеянняў асобных прадстаўнікоў беларускіх няўрадавых арганізацый сустаршыня БХД, палітвязень Павел Севярынец быў выключаны з першапачатковага спісу намінантаў.
Немагчыма эфектыўна дасягаць агульных мэтаў свабоды і справядлівасці, адначасова сеючы варожасць і паклёпы на сваіх паплечнікаў па дэмакратычным руху. Немагчыма змагацца за талерантнасць і абарону правоў чалавека і адначасова дыскрэдытаваць чалавека за яго погляды, розныя з вашымі.
Мы заклікаем усе беларускія няўрадавыя арганізацыі і іх актывістаў праяўляць салідарнасць і рухацца да дасягнення агульнай мэты ўстанаўлення законнасці, справядлівасці і дэмакратыі, як гэта робяць сотні тысяч беларускіх грамадзян сёння.
Мы заклікаем усіх неабыякавых пісаць лісты ў падтрымку палітвязняў і патрабаваць іх вызвалення.
Адрас, па якім вы можаце напісаць Паўлу Севярынцу: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030.
Адрасы іншых палітвязняў сабраны тут.