Палітзняволенаму ксяндзу Юхневічу выставілі абвінавачанні ў злачынствах супраць сэксуальнай недатыкальнасці непаўнагадовых: мае распачацца суд
«Хрысціянская візія» ў пачатку кастрычніка пісала, што адным з накірункаў ціску на ксяндза Анджэя Юхневіча, які знаходзіцца ў зняволенні з 8 траўня 2024 года, з’яўляюцца пагрозы выставіць фэйкавыя абвінавачанні, звязаныя са злачынствамі супраць сэксуальнай недатыкальнасці непаўнагадовых.
Цяпер стала вядомым, што менавіта такія абвінавачванні закідаюць ксяндзу – неўзабаве мае распачацца суд супраць Юхневіча паводле трох артыкулаў крымінальнага кодэксу:
- распусныя дзеянні ( ч.2 арт. 169 КК);
- гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару ( ч.2 арт.167 КК);
- дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту (ч.2 арт.168 КК).
Першае судовае пасяджэнне адбудзецца 27 снежня, справу ў Шумілінскім раённым судзе будзе разглядаць Іна Грабоўская. Суд будзе закрытым.
Ксёндз Анджэй Юхневіч — святар ордэна Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі, пробашч дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божаў Фацімскай у Шуміліна, кіраўнік каардынацыйнай групы пробашчаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў Беларусі.
Святар перацярпеў катаванні і пагрозы ў зняволенні, першы раз наведаць душ яму дазволілі толькі пасля двух месяцаў знаходжання за кратамі. Ён абскарджваў пастановы датычна свайго арышту – прынцыповая пазіцыя Юхневіча і стала прычынай таго, што пераслед у дачыненні да яго з адміністратыўнага перайшоў у крымінальны.
Ксёндз Анджэй Юхневіч — святар ордэна Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі, пробашч дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божаў Фацімскай у Шуміліна, кіраўнік каардынацыйнай групы пробашчаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў Беларусі. Ягоная рэпутацыя ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі бездакорная.
З падобнага кшталту пагрозамі сутыкаліся і іншыя служыцелі каталіцкага касцёлу ў Беларусі, аднак у выніку выпадкі падобных злачынстваў так і не былі даказаныя. Тым не менш, сам факт выстаўлення такіх абвіначванняў можа прывесці да разбурэння рэпутацыі чалавека, а таксама да праблемаў у супольнасці зняволеных – асобам, якія падвегліся абвінавачанням падобнага кшталту, надаецца нізкі статус, яны могуць стаць ахвярамі сэксуальнага гвалту.
Віцебшчына — ў лідэрах рэпрэсій супраць каталіцкіх святароў. Крымінальны пераслед там зазналі ксяндзы Вячаслаў Барок і Андрэй Вашчук, якія былі вымушаны з’ехаць з краіны. Выехалі і святары, якія пацярпелі ад адміністратыўнага пераследу, у прыватнасці калега Юхневіча па Шумілінскай парафіі ксёндз Павел Лемех, а таксама ксёндз Анджэй Бульчак.