Царква і палітычны крызіс у Беларусі

3 ліпеня ўлады ў Беларусі загадалі усім маліцца!

3 ліпеня ўлады ў Беларусі загадалі усім маліцца!

Placeholder
Аўтар
Вячаслаў Барок

ВячаслаўБарок

Рымска-каталіцкі святар Віцебскай дыяцэзіі. Душпастыр беларусаў у Варшаве. Блогер.

Як трывога — так да Бога.
Улада загадала ўсім маліцца… Цэрквам, касцёлам, малітоўным дамам, мячэцям, сінагогам — усім малітву арганізаваць. А ўсім працоўным калектывам — прыняць масавы ўдзел.

Гаворка ідзе пра заклік дзяржаўных уладаў правесці раніцай 3 ліпеня “Малітву за Беларусь”. Адпаведнае пісьмо было напісана апаратам упаўнаважанага па справах рэлігій.

Здаецца, добрая ініцыятва. Аднак ёсць свае нюансы. Рэлігійныя супольнасці і працоўныя калектывы могуць не паслухацца загаду з верху, а калі і паслухаюцца, то Бог можа не пачуць такія малітвы.

Ва ўсялякім выпадку Курыя Мінска-магілёўскай архідыяцэзіі афіцыйна пракаментавала зварот улады ад 11 чэрвеня 2021г.
І 16 чэрвеня афіцыйна звярнулася да святароў: «Калі будзе такая магчымасць, то просім дадаць заклік у агульную малітву вернікаў падчас любой святой Імшы 3 ліпеня аб еднасці і супакоі ў нашай краіне, а таксама заклік аб тым, каб рашэнні, якія прымаюцца сёння, у ХХІ стагоддзі, не вялі да таго жаху, які меў месца ў ХХ стагоддзі», — чытаем на catholic.by ў паведамленні, падпісананым натарыусам Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксяндзом Раманам Страшко.
Маўляў, не Ваша гэта справа, спадар А.А.Румак, загадваць калі і як нам маліцца. Гэта па-першае. Па-другое, мы і так молімся, толькі як маліцца будзем 3 чэрвеня, то не толькі з падзякай Богу за вызваленне ад фашыстаў пад-час другой сусветнай вайны але і з просьбай, каб і сёння Бог праявіў сваю моц і вызваліў ад фашызму сучаснага. І каб ніхто не сумневаўся, што ў дадзенай сітуацыі Касцёл не будзе займацца бруднай палітыкай, кіраўніцтва духрўнае загадала праспяваць традыцыйны гімн “Магутны Божа».

Бо, калі што, у Касцёле папа Францішак кіруе, а не спадар А.А.Румак. А пра Беларусь святы Айцец памятае і ён наказваў Касцёлу ў красавіку 2021 маліцца “за людзей, якія рызыкуюць сваім жыццём, змагаючыся за асноўныя правы там, дзе пануюць дыктатуры і аўтарытарныя рэжымы, а таксама ў дэмакратычных краінах, якія перажываюць крызіс”. Вось мы і маліліся “за Беларусь”. А 11 чэрвеня 2021г Ватыкан зрабіў афіцыйную заяву па Беларусі і падкрэсліў, што “Святы Пасад працягвае ўважліва сачыць за развіццём сітуацыі ў Беларусі і крокамі, якія робяцца рознымі зацікаўленымі суб’ектамі, захоўваючы прыхільнасць да дасягнення дэмакратычных і мірных шляхоў рэалізацыі законных патрабаванняў беларускага народа».
Шкада, што дзяржаўныя СМІ яе прапусцілі.

А вось вернікі не прапусцілі, а таму і будзе ў гэты дзень Касцёл маліцца так, як заўсёды і напэўна не забудзе памаліцца і аб на навяртанні грэшнікаў, а перадусім, каб у краіне запанавала вяршэнства закону.

Што тычыцца працоўных калектываў, то за іх не бяруся казаць, але як жыццё ведаю, с-пад палкі малітва слаба атрымоўваецца.

Хаця, мне асабіста цікава было б, калі б у Расонах увесь аддзел міліцыі пад канвоем прывялі ў касцёл на малітву…

Чаму гэта ініцыятыва выглядае абсурднай па свайму зместу? А таму што Богу галаву не задурыш. Бог не глядзіць БТ, ці АНТ. Ён не чытае “саўбелкі» і Ён дакладна ведае, што адбываецца ў сэрцах тых, хто арганізоўвае такія “малітоўныя шоў”.

Такая малітва ці не ёсць мярзотай у вачах Божых? Ці не пра яе Кніга Прыпавесцяў Саламона кажа: « Хто ўхіляе вуха сваё, каб ня слухаць закону, у таго і малітва – мярзота.» (Прп 28,9)

Хоча улада быць пачутай ў Бога, хоча скласці Яму свае ахвяры, хоча еднасці і міру. Усё проста. Перш трэба вярнуцца да закону! Хрыстос навучае тых хто жыве ў нязгодзе: “калі ты прынясе́ш дар твой да ахвя́рніка … ідзі перш паміры́ся з братам тваім, і тады прыйдзí і прынясі дар твой.” (Мц 5, 23-24)

Пакуль жа тыя, хто беззаконна трымае людзей у вязьніцах, іх катуе, а некаторых праз забойствы адправілі на той свет, калі і скажуць слова малітвы то гэта будзе мярзота ў вачах Божых.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава