100 дзён біскупа Буткевіча
Сёння спаўняецца 100 дзён з моманту абрання біскупа Віцебскага Алега Буткевіча старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. Калі яго абралі на гэтую пасаду 14 красавіка, мне давялося паспрачацца, ці здолее біскуп Алег стаць фігурай агульнанацыянальнага маштабу, ці застанецца “тытулярным” старшынёй ККББ.
Тады ў прыватных размовах я звяртаў увагу, што ўсе асноўныя пытанні адносна дзейнасці Касцёла ў Беларусі вырашаюцца ў Менску, а з Віцебску гэта рабіць не вельмі зручна. Таму і стаць больш гучным і ўплывовым за менскіх біскупаў у кіраўніка Віцебскай дыяцэзіі наўрадці атрымаецца, бо для гэтага трэба прыкладаць больш намаганняў, хоць і ўсе шанцы для гэтага ёсць.
Глянем сайт Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Catholic.by. Повдле вынікаў пошуку, пасля 14 красавіка там апублікавана 29 навінаў са словам “Буткевіч”. Для параўнання са словам “Кандрусевіч” 43 матэрыялы, “Велікаселец” – 32, “Касабуцкі” і “Кашкевіч” – па 26, “Яшэўскі” і “Станеўскі” – па 20, “Дзям’янка” – 4.
Як бачым, паводле колькасці згадак на партале ККББ, ейны старшыня займае зусім не першыя пазіцыі, нязначна апераджаючы Гарадзенскага біскупа і дапаможнага біскупа Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
З 29-і навінаў, у якіх згадваецца біскуп Алег Буткевіч, у назву ён вынесены толькі ў 10-і, ва ўсіх астатніх выступаючы толькі як адзін з беларускіх біскупаў. Пры гэтым 6 з 10-і гэтых навінаў датычацца падзеяў на тэрыторыі менавіта Віцебскай дыяцэзіі. І толькі 4 навіны, у якіх біскуп Алег Буткевіч вынесены ў назву, падзеі адбываюцца за межамі Віцебшчыны ці датычаць агульнанацыяльных пытанняў: віншаванне праваслаўных з Вялікаднём 1 траўня, віншаванне новага кусташа беларускіх капуцынаў 13 ліпеня, казанні на фэстах у Будславе 3 ліпеня і ў Гудагаі 19-га.
Што цікава, медыйная актыўнасць біскупа Алега на сайце Catholic.by павялічылася пасля нашых падлікаў, апублікаваных 30 чэрвеня. Ці супадзенне гэта, ці да нас прыслухаліся, невядома.
У любым разе, мяркуючы з навіновай прысутнасці біскупа Алега Буткевіча, пакуль ён не здолеў “абагнаць” сваіх менскіх калегаў, застаючыся перадусім віцебскім іерархам. Але ў ліпені ягоная медыйная актыўнасць відавочна павялічылася. Ці захаваецца гэтая тэндэнцыя, пакажа час.