Зьміцер Дашкевіч: Што перажывае тата, калі катуюць ягонага сына?
Апошнімі днямі не магу ні пра што думаць, як толькі пра Мікіту Залатарова — 16-гадовага палітвязьня, над якім зьдзекуюцца акупанты ў СІЗА-3 Гомеля. Мікіту білі, на першым допыце яму стала кепска — яго забрала хуткая і паклала ў рэанімацыю. У турме Мікіта казаў бацьку Міхаілу: «Татачка, б’юць кожны дзень». Пасьля гэтага акупацыйны суд зрабіў з дзіцёнка «арганізатара масавых беспарадкаў» і прысудзіў 5 год калоніі. Але гэтага карнікам мала — на Мікіту ўзбудзілі новую крыміналку за напад на канваіра. Сур’ёзна, дзіцёнак, які добра, калі мае 50 кілаграмаў, паваліў і душыў турэмнага борава? На апошнім допыце Мікіта кажа тату: «Татка, што я тут раблю?»
Я не магу гэта чытаць і гэта невыносна пісаць — робіцца кепска. А Мікіта і ягоная сям’я жывуць у гэтым кожны дзень. Мы чыталі пра «дзяцей ворагаў народу», пра савецкія дзіцячыя канцлагеры — і думалі, што ўсё гэта беззваротна засталося ў жахлівым камуністычным мінулым. Аж не, яно тут і сёньня праяўляе сябе з усёй КГБэшнай вычварнасьцю. Як так магло адбыцца з намі ў ХХІ стагодзьдзі ў цэнтры Еўропы? Я не стамлюся паўтараць — гэта нявывучаныя ўрокі гісторыі. Я крычаў, я крычу і я буду крычаць: «Лукашэнка — гэта заканамерны вынік неасуджанага камунізму, СІЗА-3 Гомеля — гэта лагічны працяг неасэнсаваных Курапатаў».
Тата Мікіты напісаў мне: «Мікіта мой сынулька. Нядобрыя людзі катуюць яго… А я нічога не магу зрабіць…» Сёньня, у Вялікую пятніцу, у якую быў катаваны і ўкрыжаваны Ісус Хрыстос, мы стаім у Курапатах і мяне пераварочвае гэтая думка: «Што перажывае тата, калі катуюць ягонага сына?» Як рвалася сэрца Таты Нябёснага, калі катавалі Ягонага Сына? Як рвецца сэрца спадара Міхала, калі катуюць ягонага сынульку? Ён так і піша: «майго сынульку»… А мы ня можам нічога зрабіць…
Але мы ведаем, што як Ісус Хрыстос — Сын Таты Нябёснага – перамог сьмерць, так Мікіта Залатароў — сын Міхала — пераможа ў гэтым выпрабаваньні. Толькі мы павінны яму дапамагчы ў гэтым. Бо нават Сыну Божаму Сымон Кірэнэец дапамагаў несьці крыж. Веруючыя і няверуючыя, але хто можа ў гэтыя Пасхальныя дні — памаліцеся за Мікіту і ягоную сям’ю. Бо Хрыстос не падманвае нас, калі гаворыць: «Што папросіце ў імя Маё, тое зраблю, каб праслаўлены быў Тата ў Сыне». Хто мае час і сілы, напішыце Мікіту ліст (Мікіта Міхайлавіч Залатароў, Гомель, вуліца Кніжная 1А, СІЗА-3). Хто жадае маральна і фінансава падтрымаць Мікіту і ягоную сям’ю, пішыце прыватна — і я дашлю дадзеныя.
У Пасху Хрыстовую няхай ва ўсіх нас рвецца сарца за кожнага пакутуючага сынульку Таты Нябёснага.
Мікіта Залатароў знаходзіцца за кратамі з 11 жніўня. Ён прысуджаны да 5 гадоў зняволення — суд вырашыў, што падлетак кінуў у бок супрацоўніка МУС кактэйль Молатава. Пацярпелых у справе няма, сваю віну Мікіта не прызнае.
Напрыканцы лютага праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем.
Новую крыминальную справу супраць Мікіты завялі па арт. 364 Крымінальнага кодэкса — “гвалт над супрацоўнікам органаў унутраных спраў”, паведамляе Радыё Свабода.
Хлопец хварэе на эпілепсію, з-за павышанай колькасці прыступаў яму жыццёва неабходна рэгулярна прымаць лекі. У СІЗА Мікіту лекі “могуць даць, а могуць і не даць”, распавёў бацька падлетка Міхаіл Нашай Ніве.