Зьміцер Дашкевіч. Прабачэньне Таты
Да кабаку ля Курапатаў пад’ехала машына – разьвярнулася і стала. Зь яе выйшлі двое – мужчына і жанчына, веку ля 45 абодва. Я падумаў: «У кабак пруцца». Але ён гукнуў: «Дзе тут Зьмітро?!» А яна адказала: «Дык вось жа ён!»
— Мяне клічуць Натальля К., памятаеце такое прозьвішча?
— Не, – трохі разгубіўся я, бо заўсёды няёмка забыцца на чыёсьці імя ці прозьвішча.
— Мой тата даў Вам суткі ў Першамайскім судзе.
— О! – ужо ўзрадаваўся, бо памятаць прозьвішчы ўсіх сваіх судзьдзяў ніяк ня мог, – дзе ж іх упомніш усе тыя суткі, столькі іх было.
— 14 дзён выпісаў ён вам.
— О, дык я памятаю! – перапоўніла мяне зьдзіўленьне. – І да таго, і пасьля таго ўвесь час давалі 15, а тады раз – і 14! І я запомніў іх аж дасюль! Гэта быў 2006 год, за Чарнобыльскі шлях.
— Так, 2006-ы.
— І як тата Ваш, шчэ працуе?
— Не, памёр. Прабачце яго!.. Тады ж не было чалавека, які займаўся адміністрацыйнымі справамі. А тата проста рабіў сваю працу…
— Так, на жаль рабіў, – уздыхнуў я, – будзем спадзявацца, што ён потым за гэта выбачыўся… Бог зь ім, я ні на кога не трымаю крыўдаў, галоўнае, што цяпер мы разам.
— Так, цяпер мы разам! – падхапіўся мужчына, спадар Алег. – Ці мог я падумаць паўгады таму, што я буду цяпер!.. Мы ж во – праз дарогу працуем. Я глядзеў, як стаіцё вы тут пад бел-чырвона-белым сьцягам і лічыў вас гэтымі, як яго… Не, не змагарамі нават… во – барцунамі! А 9 жніўня як шора з вачэй звалілася! Дык гэта ж наш нацыянальны сьцяг! Гэта ж наш сьцяг!
— Наш! – пацьвердзіў я.
— І вось стаіш ты тут, а я быў супраць, што стаіш!
— Я стаю, каб мы зьвярнулі ўвагу на прычыну, каб зразумелі, што Лукашэнка – гэта заканамерны, лагічны вынік нераскаянага, неасуджанага камунізму.
— Так, цяпер мы ведаем! Я хоць за Савецкі саюз галасаваў, але за гэтую поскудзь ніколі не галасаваў! Але супраць вас быў. А цяпер, цяпер шоры як зваліліся з вачэй – гэта ж нацыянальны, гэта ж наш родны сьцяг!
— Прабачце нас! – паглядзела на мяне са сьлязьмі на вачох Натальля!
— Дык няма Вам за што выбачацца перада мною! – аж зусім няёмка стала мне і я яе абняў.
— За тое, што 20 год Вы былі адзін! – не згадзілася яна і я ледзь сам стрымаў, каб не падкацілі сьлёзы.
— Ды ня быў я адзін…
— Мала было вас!
— Мала.
— Але цяпер нас многа!
— Цяпер многа!
— І цяпер мы пераможам!
— Цяпер пераможам!
Мы памаўчалі. І Натальля сказала: «Я даўно хацела папрасіць у Вас прабачэньня за тату!» Зноў даўкі камяк падступіў мне пад горла. «Дзякуй, цяпер мы разам», – усё, што змог адказаць я і мы абмяняліся на разьвітаньне нацыянальным, родным нашым поклічам: – Жыве Беларусь! – Жыве вечна!
І я застаўся з цяжкімі думкамі пра тое, зь якой жахлівай эпохі, зь якой антычалавечай сыстэмы мы выходзім – дзеці са сьлязьмі на вачох просяць прабачэньня за ўчынкі бацькоў. Гэта цяжка і для таго, хто просіц, і нават для таго, у каго просяць, бо абодва перажываюць адно. Але яшчэ цяжэй, калі праліта нявінная кроў, калі ўжо няма ў каго перапрасіць, бо хто тады прабачыць? Але ёсьць Той, Хто прабачае, і нават прагне прабачыць – Нябесны Тата, Які дзеля нявіннай крыві Сына Свайго прабачае і правіны чалавека, і правіны народа. Былі б мы толькі гатовыя прасіць. І мне здаецца, што мы, як нацыя, ужо падыходзім да таго моманту, калі скажам: «Мы даўно хацелі папрасіць у Цябе прабачэньня!» І прабачэньне Таты зробіць нас адроджанымі людзьмі ў адроджанай краіне.