Зьміцер Дашкевіч. Дзеці Божыя і дзеці д’яблавыя

Пасьля апошняга арышту забраў я з пошты два мяхі лістоў палітвязьням, якія адміністрацыя турмы ў Жодзіна не прапусьціла. Перад тым мех лістоў вярнула вязьніца на Валадарцы. Што ж за злачынства там такое было ўкладзена? Злачынства для акупацыйнай адміністрацыі страшнае: паштоўкі з Раством і Новы Запавет. «Часам не да закону» лагічна вярнулася да сваёй першапачатковай формы – «не да закону»: на мае скаргі ў пракуратуру са спасылкамі на парушаныя нормы іхняга ж «закону» нават ніхто адказы не дасылае. Па-праўдзе сказаць, у такой роспачы я, гледзячы на гэтыя мяхі Новых Запаветаў і паштовак, што нават ня ведаю, як з гэтым змагацца далей. Хіба што пакіну для будучага музею 26-гадовай акупацыі гэтыя лісты, на якія нашчадкі будуць глядзець і дзівіцца маштабу бязьмежжа – забараніць Эвангельле нават нацысцкая акупацыя не патрапіла. Хоць камуністычная і лукашэнкаўская нэакамуністычная з гэтым спраўляліся і спраўляюцца добра.

Сам я гэтаму не дзіўлюся – гэта лагічна і пасьлядоўна, цалкам у адпаведнасьці з ідэаламі саўка і ягонымі зьездамі, якія да нас вярнуліся. Што мяне дзівіць сёньня, дык гэта прысутнасьць у прэзыдыюме гэтых зьездаў царкоўных ярархаў. Ладна праваслаўная царква – яна даўно і надзейна на службе пасінеўшага Ірада. Але ж Касьцёл, кіраўнікамі якога мы так захапляліся апошнія паўгады, як ён апынуўся на радзе бязбожных? У час, калі сотні палітвязьняў стогнуць у турмах, тысячы сваякоў стогнуць без нявінна арыштаваных татаў і матуляў, сыноў і дачок – царкоўныя кіраўнікі ганарова засядаюць на VI зьезьдзе акупацыйнай адміністрацыі. Чаму так зь імі адбываецца правільна напісаў неяк атэіст (які па-сутнасьці больш веруючы за многіх кіраўнікоў цэркваў) Стась Карпаў: справа ў тым, што яны Лукашэнку баяцца больш, чым Бога.

Магчыма, царкоўнікі думаюць пра сябе, што ў іх усё схоплена Наверсе, але могуць яны і самі зьдзівіцца, пачуўшы на судзе знаёмую нам прыпавесьць Ісуса Хрыста: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есьці; смагнуў, і вы не напаілі Мяне; быў чужынцам, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і вы не адведалі Мяне”. Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: “Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасьмяглым, ці чужынцам, ці голым, ці хворым, ці ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?” Тады адкажа Ён ім, кажучы: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, Мне не зрабілі» (Мц. 25:41-45). І вось вы сядзіце на зьезьдзе Хлуса і Бацькі ўсялякай хлусьні ды слухаеце пра тое, як губернатары яму па пару працэнтаў дамалёўвалі – і зьліваецеся зь ім у адно. А тым часам у вязьніцах катуюць людзей: без магчымасьці абароны судзяць праз кампутары і нават тэлефоны, не дазваляюць перадачы і нават жанчыны ня маюць сродкаў асабістай гігіены, цяпер вось забаранілі атрымаць Эвангельле.

Заместа таго, каб адведваць сотні нявінна арыштаваных, вы адведалі д’ябла і дзяцей ягоных. Калі вы скажаце, што я перафарбоўваю метафары, пачытайце апостала Яна: «Дзеці Божыя і дзеці д’яблавыя пазнаюцца так: кожны, хто ня чыніць праўды, ня ёсьць ад Бога» (Яна 3:10). Таму і сказаў пра вас Той, Хто Сам быў нявінна арыштаваны, нявінна асуджаны і нявінна прыбіты да крыжа: «Мытнікі і прастытуткі пойдуць перад вамі ў Валадарства Божае» (Мц. 21:23). Сотні тысяч няверуючых, якія цяпер змагаюцца за праўду і за праўду ідуць у вязьніцы – гэта ёсьць дзеці Божыя, якіх шукае і якіх прагне прымірыць з Сабою іхны Нябёсны Тата. У той час, як сотні тысяч, якія хлусяць на зьездах і на судзілішчах, чыняць гвалт над вязьнямі і іх сем’ямі, – гэта ёсьць дзеці д’яблавы. Сёньня кожны сам выбірае, з кім быць разам – з дзецьмі Божымі ў вязьніцах ці дзецьмі д’яблавымі на іхных сходах.

Крыніца