Журналіст і кінакрытык Тарас Тарналіцкі пра падзеі 2020 году
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Журналіст і кінакрытык Тарас Тарналіцкі пра падзеі 2020 году:
«Калі ацэньваць падзеі як кінакрытык, я сказаў бы, што адбыўся сучасны беларускі пеплум*. Дакладна, пеплум. Бо пеплум – па-першае, відовішча з удзелам вялікай колькасці людзей, а па-другое, відовішча гістарычнае.
Там, на нашых Маршах Свабоды, вядома, ніхто не скакаў на конях, не біўся. Але па эмоцыях было зразумела, што гэта сапраўдны беларускі блакбастар. Жыццёвы. Якога раней ніхто не зняў. Ніякая “Анастасія Слуцкая” і блізка не стаяла!
І я б сказаў, што гэта хутчэй біблейскі пеплум. Бо для мяне антычнасць – гэта найперш трагедыя, хаця ў нас яна таксама ёсць. А тут маем беларускі біблейскі пеплум, бо падняўся амаль увесь народ супраць фараона. Такая алюзія адразу прыходзіць у галаву. І гэта амаль што выхад з Егіпту, пошук радзімы: у мяне такія думкі былі, калі мы ішлі ва Уручча, у Курапаты. Мы перайшлі нават МКАД, то бок выйшлі за межы Мінску. І адразу такая думка: гэта вызваленне народу. Можа, цяпер не на духоўным узроўні, але ментальнае. Бо мы мелі на ўвазе беларускі народ. І людзі, якія выходзілі, дакладна зразумелі, што ў той дзяржаве, якая ёсць, ім няма як жыць. Ім патрэбныя новыя гарызонты, новыя жыццёвыя ўстаноўкі, каб яны разумелі, для чаго ім трэба працаваць і чаго яны чакаюць у будучыні. А мы пакуль яшчэ ў такім замарожаным на 26 гадоў грамадстве, таму прадчуванне будучыні зацягнутае».
*Пеплумы, або фільмы мяча і сандаляў – карціны пра антычнасць і біблейскія часы з характэрнаю вялікаю працягласцю, маштабнымі масавымі сцэнамі з далёкімі ды агульнымі планамі. Тыповыя прыклады пеплумаў – стужкі “Кабірыя” (1914), “Дзесяць запаведзяў” (1956), “Спартак” (1960), “Quo Vadis” (1951, 2001).