Згарэў храм, дзе служыў палітзняволены святар

Свята-Міхайлаўскі храм ў Сцяпанках Жабінкаўскага раёна, унікальны помнік драўлянага барока XVIII стагоддзя, згарэў ўшчэнт 25 ліпеня. Гэта была адзіная царква у ваколіцах, што ацалела падчас савецкага пераследу, і адна з тых, што прэтэндавала на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.
Да 2020 года у гэтым храме настаяцелем быў праваслаўны святар Сяргей Рэзановіч. У снежні 2020 года ён быў затрыманы разам з жонкай Любоўю і сынам Паўлам. Сёння ўсе трое — палітвязні. Іх асудзілі на 16, 15 і 19 гадоў зняволення адпаведна па справе Мікалая Аўтуховіча, абвінаваціўшы ва «ўдзеле ў тэрарыстычнай групе».
З усёй сям’і на волі застаўся толькі малодшы сын Арцём, чалавек з інваліднасцю, які не здольны самастойна жыць і патрабуе пастаяннага догляду. Для яго страта апекуна і ізаляцыя найбліжэйшых людзей стала асабліва цяжкім выпрабаваннем.