Затрымалі Барыса Хамайду. Будуць судзіць на Каляды
У Віцебску на 4 гадзіны затрымалі найстарэйшага апазіцыянера і распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду.
Гэта адбылося каля так званага Сіняга дома – дома №28 на вуліцы Леніна. У райаддзеле міліцыі на апазіцыянера склалі пратакол паводле артыкула 23.34 КаАП, абвінаваціўшы яго ў незаконным пікетаванні. Забралі і частку рэчаў, якімі ён аздабляе сваё працоўнае месца, у тым ліку рарытэтныя рэчы – падарункі сяброў, распавёў Барыс Хамайда:
– Такога вобшуку ў мяне яшчэ не было. Вывернулі ўсё на падлогу, забралі вышыванку з малітвай “Ойча наш”. І вышыванку са словамі “Радзіма для нас усё, мы без яе нішто. Жыве Беларусь!” Сцяжок бел-чырвона-белы забралі, стужку такую ж забралі. Забіралі ўсё бел-чырвона-белае!
Міліцыянты пакінулі Барысу Хамайду толькі бела-чырвоны парасон, пад якім ён штодня стаіць на вуліцы Леніна. Пакінулі таксама кнігі і часопісы, але забралі два тэлефонныя апараты, сказаўшы, што вернуць іх толькі пасля аплаты штраф – штрафу, які яшчэ не прысуджаны. Судовае разбіральніцтва прызначанае толькі на 24-га снежня. Да таго часу Барыс Хамайда плануе па-ранейшаму выходзіць да “сіняга дома”.