Яшчэ адну пажылую верніцу з віцебскай глыбінкі будуць судзіць за абразу Лукашэнкі
У свой час грамадскасць ускалыхнула навіна пра затрыманне былой настаўніцы, каталічкі з Міёр Эмы Сцепулёнак. Яе затрымалі ў 2021-м па «справе Зэльцэра», далі два гады калоніі па двух артыкулах КК — за абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368) і за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369).
Менавіта ў гэтых двух артыкулах вінавацяць 64-гадовую жыхарку в. Гурынава Шумілінскага раёну Зою Баранаву. Пра яе стала вядома толькі зараз, калі яе справа з’явілася ў раскладзе мясцовага суда.
У сакавіку гэтага года жанчыне ўжо давалі 3 сутак арышту за «распаўсюд экстрэмізму», у яе таксама канфіскавалі тэлефон. Магчыма, пасля таго на яе і завялі крымінальную справу.
Як сцвярджае віцебскі тэлеграм-канал, жанчына — праваслаўная верніца, наведвае царкву св. Ануфрыя Вялікага ў суседнім пасёлку Обаль.