Як перажыць 2023? Парады ад рэфармата Змітра Хведарука
5 ісцін з ліста апостала Паўла да Філіпійцаў, якія дапамогуць захаваць надзею і мець хрысьціянскую перспектыву сярод хаоса.
Складаецца ўражанне, нібы мы ўзялі завялікую лыжку, каб сербануць боль і ліха. Штодня мы глытаем порцыі навінаў з тлустым спісам вязьняў, разлучаных дзяцей і бацькоў, мужоў і жонак. Падаецца, пераварыць такое няпроста, і замест падсілкавання мы паглыбляемся ў здранцвенне. Падаецца, быццам мы бясконца пераслухваем геніяльны рэфрэн Вольскага: “Лепей ня будзе, будзе толькі горш”, быццам ён стаў саўндтрэкам фільма пра нас.
У такія моманты верніку важна мець у галаве хрысьціянскую перспектыву для жыцця. Перспектыву, якая дапаможа выстаяць, перажыць і мець надзею ў час пануючай несправядлівасці і пакутаў. Перспектыву, якая дапаможа глядзець у сёння з расплюшчанымі вачыма, а не заплюшчваць вочы з надзеяй, што калі іх расплюшчыш — і ўжо будзеш імчаць па вясёлцы на адзінарогу.
Найлепшы сродак для такой перспектывы — Святое Пісанне. У ім мы знаходзім не толькі спазнанне Бога, але праз гэта таксама суцяшэнне, надзею і “акуляры”, якія карэктуюць наш зрок і дапамагаюць ясна бачыць жыццё.
Для мяне ў такі час найлепш чытаецца напісаны ў рымскай турме Ліст апостала Паўла да Філіпійцаў, які лёгка можна было б перайменаваць у “Ліст пра жыццё ў Хрысце сярод несправядлівасці”. Своеасаблівы ліст з-пад шыбеніцы — адзін з апошніх перад “справядлівым” імперскім судом і смяротнай карай. Паганская дзяржава з культам сілы і абагоўленага лідара спрабавала такім чынам задушыць хрысціянаў і страхам перад пакараннем прымусіць маўчаць. Але далей усё пайшло зусім не згодна з планамі Рыма.
Сярод глыбіні і ісцін Ліста да Філіпійцаў, хачу вылучыць пяць, якія найбольш суцяшаюць мяне.
1. Наша жыццё накіроўвае мудры Божы провід, а не воля тыранаў. 1:12-14
У самым пачатку Павел шчыра піша пра сваё зняволенне, мандат на якое выдала рымская ўлада. Неўзабаве ён паўстане перад судом імператара, ад рашэння якога будзе залежыць, ці застанецца Павал жыць.
Аднак, апостал нагадвае, што ягоныя арышт і пакуты праз Божы провід паспрыялі распаўсюду Радаснай Весткі ў самым сэрцы імперыі. Нават чальцы прэтарыянскай гвардыі (аналаг ГУБАЗіК ці АМАП) і імперскай адміністрацыі змаглі пачуць словы ісціны. Арышт Паўла і распаўсюд Эвангелля сярод дэсптычнай дзяржаўнай машыны ўмацавалі ў веры многіх вернікаў. У самым сэрцы цемры заззяла святло.
Пачатак ліста да Філіпійцаў абадзёрвае нас: наша жыццё не аддадзена на волю сляпога лёсу ці ў рукі тыранаў. Яно ў надзейных руках Божых, нават тады, калі мы не да канца разумеем, што цяпер адбываецца і чаму мы перажываем цяжкасці, якімі бы цяжкімі яны не аказаліся. Святое Пісанне вяртае нас да паўнавартаснай карціны свету, дзе Бог перамяняе самае страшнае зло на дабро і Сваю славу. Як у гісторыі з прададзеным у рабства Язэпам, пакінутым Ёвам ці нават самім укрыжаваным Хрыстом.
2. Мы не застаемся сам-насам з цяжкасцямі. 1:7
У цяжкі час найскладаней даць рады самоце, пачуццю пакінутасці ці адасобленасці. Аднак Павал у сваім лісьце нібы зацягвае легендарны гімн Ліверпуля “You’ll never walk alone”, які падхорлівае акіян галасоў па ўсім свеце.
Апостал нагадвае, што дзякуючы лучнасці з Хрыстом — мы не адны. Мы прыняты ў аграмадную любячую сям’ю, а гэта памацней нават за сям’ю дона Карлеона. Мы больш не адзіночкі і не скрайнія індывідуалісты — мы частка Божага народу, які мае неверагодную лучнасць і падтрымку, дзе страціўшы аднога брата ці адзін дом, можна здабыць тысячу родзічаў і тычячу дамоў, дзе ты будзеш жаданым і чаканым.
Хрысціяне разам з’яўляюцца супольнікамі Божай ласкі і суцяшэння сярод цяжкасцяў і пакутаў.
3. Мы не канкурэнты за выжываньне, мы — супрацоўнікі. 2:1-4, 12-18
Часта цяжкасці яшчэ ярчэй паказваюць хібы прыроды кожнага грэшніка. У цяжкіх абставінах мы спрабуем залезці ў шчыліну ці схованку, заняць яе і не пушчаць больш нікога. Мы любім учыняць такое безнадзейнае спаборніцтва, як у фільме “Піяніст” пра кракаўскае гета: сцэна, дзе дзеці хаваюцца ад нацысцкага хапуна і галоўны герой не можа залезці нават у выграбную яму, бо ў цяжкіх умовах людзі часта спаборнічаюць за магчымасць выжыць.
Пісанне нагадвае, што дзякуючы жыццю ў Хрысьце наш лад думак мусіць быць адваротным. Мноства вернікаў больш не з’яўляюцца групкай эгаістычных і самазакаханых людзей, якія пастаянна падпітваюць дух спаборніцтва. Я не маю на ўвазе, што хрысьціянін мае быць безыніцыятыўным ці млявым ды абыякавым да жыцця, не!
Павал заклікае жыць праўдзівай еднасцю, салідарнасцю і замяніць “С” — спаборніцтва на “С” — супрацы. То бок мець праўдзівую еднасць. Мы пакліканы клапаціцца адзін аб адным і бачыць каштоўнасць у іншым чалавеку, бо ён — вобраз і падабенства Божае, а не наш канкурэнт.4
4. Мы перажываем прыніжэнне, але наперадзе чакае слава. 2:6-11.
Апостал падмацоўвае сваю думку, нагадваючы пра служэнне самога Хрыста. Ён, нібыта скальпелем, ускрывае нашу ганарлівасць, якая заўжды хоча, каб у гэтым жыцці спраўджвалася наша воля і ўсё ў самых дробязях было так, як мы хочам. Павал указвае на Госпада і тое, што Божы Сын — другая асоба Троіцы, прынізіў Сябе, стаўшы чалавекам, такім, як мы, каб паслужыць людзям. Толькі на секунду ўявіце сабе, які гэта феномем і якое прыніжэнне, калі Бог стаў чалавекам.
Сам Госпад перажыў ганьбу, прыніжэнні, спакусы (хаця не быў спакушаны ні ў чым) і нават смерць на крыжы. Усё — дзеля дабра царквы і славы Божай. За ганьбай ды смерцю стаялі ўваскрашэнне і слава. Так апостал сцвярджае, што жыццё ў паслушэнстве Богу выклікае супрацьстаянне і нават прыніжэнні. Але ўсё гэта мае цудоўную мэту, і наперадзе, тых, каго пераследвалі, забівалі і абражалі, чакае слава Божага Валадарства, дзе няма слёз, няроўнасці, несправядлівасці.
5. Мы можам быць задаволенымі і мець дастаткова ў Хрысце. 4:10-13
Жыцця сярод несправядлівасці таксама развівае зайздрасьць — да тых людзей, хто здабыў багацьце ці ўладу несумленным шляхам і незаслужана — нібыта аграмадная брыдкая зялёная жаба пачынае зціскаць горла, з якога фантанам б’е сліна зайздрасці.
Апостал вяртае нас да здаровага сэнсу і кажа, што ў Хрысце мы насамрэч мае ўсё і дастаткова. Гэта зноў жа ніякім чынам не гаворыць, што мы павінны забыцца на адукацыю ці развіццё. Павал гаворыць, што ў жыцці можна трапіць у розныя абставіны праз жаданне пражыць пабожнае і справядлівае жыццё. Яно можа быць суперсытым, а можа быць поўным самай складанай руціны. Павал сам навучыўся цярпець голад і быць сытым, жыць у дастатку і патрэбе, — ўсё гэта ён мог, дзякуючы Хрысту, Які з ім. Усё гэта — маючы ясную перспектыву прыніжэння і славы.
Спадзяюся, што ліст да Філіпійцаў дапаможа нам у гэты няпросты і цёмны час глядзець на абставіны з хрысціянскай надзеяй. Спадзяюся, што ён дапаможа змяніць наш саўндтрэк з “Лепей ня будзе” на складаную цытату апостала Паўла ў самым сэрцы паслання: “Для мяне жыцьцё — Хрыстос, а сьмерць — набытак”. Спадзяюся, што Эвангелле разгоніць у нашай свядомасьці хмары адчаю і прынясе ясную пагоду надзеі.