Вызвалены ксёндз Генрых Акалатовіч і айцец Анджэй Юхневіч OMI
Прэс-служба Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі (ККББ) паведаміла пра вызваленне ксяндза Генрыха Акалатовіча і айца Анджэя Юхневіча OMI.
Рыма-каталіцкі Касцёл на Беларусі вітае пазітыўныя тэндэнцыі дзяржавы ў міжнародным парадку, аднаўленне дыялогу паміж Рэспублікай Беларусь і ЗША, а таксама ўзмацненне кантактаў з Ватыканам,
— гаворыцца у паведамленні.
У першую чаргу словы падзякі выказваюцца Прэфекту Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў кардыналу Клаўдыё Гуджэроцці.
Яго візіт надаў пазітыўны імпульс для далейшых кантактаў, важным вынікам якіх стала рашэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у знак міласэрнасці і павагі да Папы Рымскага памілаваць і вызваліць каталіцкіх святароў, якія адбывалі пакаранне ў месцах зняволення.
Таксама ККББ сцвярджае, што непасрэдны ўдзел у працэсе прымалі Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынал Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь Іньяцыё Чэффаліа і старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Іосіф Станеўскі.
У сувязі з вызваленнем айца Анджэя Юхневіча OMI ёсць цікавая акалічнасць. Хаця ён быў затрыманы па палітычных нагодах, асудзілі яго не паводле палітычных артыкулаў, а па артыкулах, звязаных са злачынствамі супраць сексуальнай недатыкальнасці непаўналетніх. Але, як піша БелТА, абодвух святароў памілавалі як тых, хто здзейсніў цяжкія злачынствы супраць дзяржавы. Гэта пацвярджае выснову, што непалітычныя абвінавачанні супраць айца Анджэя Юхневіча OMI былі сфабрыкаваныя.






