Візіт арцыбіскупа Галахера – знак блізкасці Папы да Беларусі

Зала Друку Апостальскай Сталіцы апублікавала спецыяльнае паведамленне ў сувязі з візітам у Беларусь высокай ватыканскай дыпламатычнай дэлегацыі.
“Сёння, у пятніцу 11 верасня 2020 г., Сакратар па адносінах з дзяржавамі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер накіраваўся ў Рэспубліку Беларусь, дэманструючы ўвагу і блізкасць Святога Айца да Каталіцкага Касцёла і ўсёй краіны”, – гаворыцца ў кароткім камюніке.
Праграма рабочага візіту, які працягнецца да 14 верасня, прадугледжвае сустрэчы з дзяржаўнымі ўладамі і кіраўніцтвам Каталіцкага Касцёла.
У першы дзень прабывання ў Мінску арцыбіскуп Галахер правёў перамовы з Міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Падчас іх былі абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, у тым ліку ў кантэксце развіцця паслявыбарнай сітуацыі ў Беларусі, – паведаміла прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.
На старонцы МЗС у Facebook адзначаецца, што бакі закранулі пытанні ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне, супрацоўніцтва ў рамках Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, уключаючы праблему гандлю людзьмі. Была падкрэслена зацікаўленасць у захаванні традыцыйна сяброўскіх двухбаковых адносін, падтрыманні высокай інтэнсіўнасці кантактаў на розных узроўнях.
Міністр замежных спраў Беларусі асабліва адзначыў гістарычную ролю Каталіцкай Касцёла ў станаўленні і развіцці беларускай дзяржавы, выказаўшы ўпэўненасць, што канструктыўны дыялог са Святым Пасадам з’яўляецца адной з умоў захавання міжканфесійнага міру і згоды ў краіне, – гаворыцца ў паведамленні МЗС Беларусі.