Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Да ўвагі СМІ: Ватыкан не дазваляў дабраслаўляць аднаполыя саюзы. Хрысціянская Візія тлумачыць

Да ўвагі СМІ: Ватыкан не дазваляў дабраслаўляць аднаполыя саюзы. Хрысціянская Візія тлумачыць

Да ўвагі СМІ: Ватыкан не дазваляў дабраслаўляць аднаполыя саюзы. Хрысціянская Візія тлумачыць
Аўтар
Хрысціянская візія

Арганізацыя"Хрысціянская візія"

Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.

У беларускіх СМІ, як дзяржаўных, так і апазіцыйных, з нагоды абмеркавання дэкларацыі Fiducia supplicans, апублікаванай 18 снежня 2023 года ватыканскай Дыкастэрыяй веравучэння, і рэакцыі на яе вернікаў і беларускіх біскупаў, узнікла памылковае ўяўленне пра тое, што Ватыкан нібыта дазволіў дабраслаўляць аднаполыя шлюбы. Адпаведныя навіны публікуюць у тым ліку і такія салідныя выданні, як Zerkalo: «Католическое верховенство Беларуси приняло решение по декларации Ватикана, разрешающей благословлять однополые браки»

Насамрэч, такога дазволу не было.

Для каталіцкага Касцёла паняцці пара і шлюб/ сужэнства – гэта кардынальна розныя рэчы. Для каталікоў шлюб — гэта не проста саюз мужчыны і жанчыны, але таксама сакрамант, ці святая таямніца, вакол якой існуе разбудаванае вучэнне. Пары, жыццё якіх не адпавядае вучэнню Касцёла, паводле яго вучэння і не з’яўляюцца сужэнствамі.

Пры гэтым, кажучы простай мовай, удзяліць дабраславенне можна кожнаму хто аб гэтым просіць. Удзяленню ж шлюбу папярэднічае выкананне пэўных умоў.

У дэкларацыі Fiducia supplicans дазваляецца дабраславенне менавіта параў аднаго полу. Але пры гэтым няма гаворкі пра дабраславенне аднаполых шлюбаў, бо такія саюзы – у вачах Касцёла – не з’яўляюцца і не могуць быць сужэнствамі. У дакуменце падкрэсліваецца, што такія дабраславенні не павінны мець формы вызначанага рытуалу, каб не блытаць гэта з дабраславеннем, уласцівым таямніцы шлюбу. Таксама дабраславенне аднаполым парам «ніколі не павінна ажыццяўляцца адначасова з грамадзянскімі абрадамі шлюбу або ў сувязі з імі». Нельга выкарыстоўваць і адзенне, жэсты або словы, уласцівыя абраду сужэнства, заяўляе дакумент.

Таксама трэба падкрэсліць, што аднаполыя саюзы не з’яўляюцца асноўнай мэтавай аўдыторыяй дэкларацыі. Беларускія СМІ абмінулі ўвагай яшчэ адну істотную групу людзей, якой прысвечана Fiducia supplicans – т.зв. «грамадзянскія саюзы» ці «кананічна нядзейсныя сужэнствы» (пары ў другім саюзе, пасля разводу). Для Касцёла гэта праблема з’яўляецца асабліва вострай: у грамадзянскіх саюзах, кананічна нядзейных сужэнствах нараджаюцца дзеці, такія пары нярэдка пражываюць разам доўгае і шчаслівае жыццё. Аднак з-за свайго кананічнага статусу яны не могуць прымаць сакраманты. Папа звяртае на іх увагу і хоча, каб Касцёл быў блізкі да такіх людзей і не выключаў іх з каталіцкай супольнасці.

Мэта дабраславення, пра які гаворыць дэкларацыя – паклікаць Божае дабраславенне «да тых, хто, прызнаючы сябе бяздольнымі і патрабуючымі Яго дапамогі, не прэтэндуе на ўзаконенне свайго ўласнага статусу, але просіць, каб усё сапраўднае, добрае і чалавеча каштоўнае ў іх жыцці і стасунках было ўзбагачана, вылечана і ўзвышана прысутнасцю Святога Духа». 

У выніку такога дабраславення чалавечыя стасункі б «маглі выспяваць і ўзрастаць у вернасці Евангеллю, каб быць вызваленымі ад недасканаласцяў і слабасцяў і каб выяўляць сябе ва ўсё большым вымярэнні Божай любові».

Дакумент быў успрыняты па-рознаму ЛГБТ-людзьмі. Многія былі расчараваны адсутнасцю значнага, на іх погляд, прагрэсу ў пазіцыі Апостальскай Сталіцы. Напрыклад, партугальская асацыяцыя ЛГБТ-каталікоў Rumos Novos заявіла, што дэкларацыя не прынесла «цалкам нічога [новага]» у параўнанні з папярэднімі заявамі каталіцкіх інстытутаў. Іншых дэкларацыя абнадзеіла. Багаслоў а. Джэймс Алісан бачыць у ёй заклік Апостальскай Сталіцы ставіцца да ЛГБТ-людзей не як да тых, хто варты пагарды (нагадаем, што ў некаторых краінах біскупы падтрымалі абмежаванне ў грамадзянскіх правах і нават крыміналізацыю ЛГБТ-людзей), а – як кожнае іншае стварэнне – дабраславення, заклік да слухання ЛГБТ-людзей і іх досведу жыцця і веры, да распазнання іх годнасці.

Пра тое, што згаданая дэкларацыя «не змяняе вечнага вучэння Каталіцкага Касцёла аб сужэнстве і сексуальнай маральнасці» і «адзіным сужэнскім саюзам, які прызнае Каталіцкі Касцёл, з’яўляецца саюз паміж мужчынам і жанчынай», гаворыцца і ў заяве Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. Хоць беларускія біскупы і заявілі, што не збіраюцца «ўводзіць у практыку прапанаваную Дэкларацыяй магчымасць благаслаўлення пар, якія жывуць у нерэгулярным саюзе і аднаполых пар». Сваю заяву яны, дарэчы, зрабілі згодна з афіцыйным дазволам прэфекта Дыкастэрыі веравучэння Віктора Мануэля Фэрнандэса.

* * *

Заяве каталіцкіх біскупаў папярэднічала ананімная кампанія ў інтэрнэт-пабліках беларускіх каталікоў з мэтай аказаць ціск на Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў Беларусі і супрацьпаставіць пазіцыю біскупаў Ватыкану і Папе. Яна не знайшла там асаблівага разумення, пра што напісаў Katolik.life: многія вернікі лічаць, што ў беларускага Касцёла ёсць больш надзённыя пытанні, якія, аднак, застаюцца па-за належнай увагай іерархіі і ўсёй касцёльнай супольнасці.

Праўладны Тэлеграм-канал «Гродзенскія злівы», які вядзе сістэматычную кампанію па дыскрэдытацыі Касцёла, паведаміў, што рашэнне ККББ адносна дэкларацыі Fiducia supplicans –  гэта рэакцыя на ціск менавіта з іх боку.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава