У Празе адбылася міжканфесійная малітва за Беларусь

23 снежня ў Празе ў евангелічным зборы святога Сальватара прайшло перадкаляднае экуменічнае набажэнства. Арганізатарамі выступілі беларускі навуковец і актывіст дыяспары беларусаў у Чэхіі Павал Котаў, а таксама пастар чэшскабрацкай евангелічнай царквы Мікулаш Вымнетал, адказны за служэнне ў гуманітарных выпадках, меншасцям і сацыяльна вылучаным групам. Да падрыхтоўкі спрычыніўся таксама беларускі літаратар Макс Шчур.
Набажэнства распачалося беларускім духоўным гімнам “Магутны Божа” і наступнай малітвай:
“Усе цяжкасці, якія мы перажылі: трывогу, раненні, неспакой за сваіх блізкіх і за сваю краіну, спустошанасць і няўдачы, страх з хваробы ковід і з палітычнай сітуацыі ў Беларусі.
Таксама мы прыносім з сабою тое, што нас у жыцці радуе: любоў сваіх блізкіх, ахову і пачуццё бяспекі, якое мы адчуваем, калі нехта нечакана нам усміхнецца, калядныя святы, ласку, якую мы маем магчымасць адчуваць самым розным чынам.
І таму мы хочам падзякаваць Табе за добрае і падзяліцца з Табой цяжкім.
Калі ласка, прымі нас, як бацька і маці прымаюць сваё дзіця, якое прыходзіць да іх, як сястра прымае любімага брата. Дзякуем за тое, што мы разам, і просім – будзь тут з намі.”
Быў прачытаны ўрывак на Раство Хрыстова з Дабравесця паводле Мацвея (Мц. 2:1-23). Казань прамовіў пастар Мікулаш Вымнетал (Mikuláš Vymětal).
Далей былі зачытаныя імёны загінулых і адбылася малітва за іх спачын. Памяць загінулых за апошнія месяцы беларусаў ушанавалі хвілінай маўчання.
На заканчэнне прагучала традыцыйная калядная песня “Ціхая ноч” у перакладзе на беларускую мову Наталлі Арсеневай.

