У Горадні скончыўся працэс над Андрэем Аўсіевічам
Сыну святара тры разы змянялі артыкул. У выніку яго асудзілі на 3,5 года калоніі
Сёння ў Горадні скончыўся працэс над 27-гадовым гарадзенцам Андрэем Аўсіевічам. Пракуратура патрабавала пазбавіць яго волі за нібыта «распальванне варожасці». Цікава, што дзяржаўныя эксперты-лінгвісты фактычна выступілі на баку падсуднага, а пракуратура тройчы змяніла хлопцу крымінальны артыкул, каб не выпускаць яго з-за кратаў.
Год таму Андрэй далучыўся да дыскусіі ў тэлеграм-канале «Гродна 97%» і, паводле следства, публічна абразіў прадстаўніка ўлады, мясцовага ўчастковага Максіма Чарткова, ад чаго той стаў кепска спаць.
Аўсіевічу выставілі абвінавачванне ў «пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў». Яго ўзялі пад варту ў траўні. Пры гэтым пракуратура і следства ўжо мелі на руках заключэнне экспертаў аб тым, што ў публічным меркаванні Андрэя Аўсіевіча ёсць негатыўныя ацэнкі, але няма ніякіх падставаў сцвярджаць, што ён пагражаў супрацоўнікам міліцыі.
Але следства не толькі не прыслухалася да экспертаў, а наогул перакваліфікавала справу на «тэрарыстычны» артыкул (публічныя заклікі да здзяйснення акту тэрарызму, накіраванага на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Калі справу передалі ў пракуратуру, там таксама праігнаравалі высновы лінгвістаў і накіравалі яе ў суд.
Працэс, які распачаўся ў жніўні, вёў суддзя Мікалай Рачынскі, а дзяржаўнай абвінаваўцай выступіла Людміла Герасіменка.
На судзе лінгвіст пацвердзіў высновы экспертызы і сведчыў на карысць падсуднага. Прызначылі новую экспертызу, але і яна не знайшла ў словах Аўсіевіча ніякай крамолы. Тады бок абвінавачвання зняў мінулыя артыкулы і выставіў новы – «распальванне варожасці». Хоць гэты артыкул таксама супярэчыць высновам экспертызы. Тым не менш, суддзя цалкам задаволіў патрабаванне пракуроркі і прысудзіў Андрэю Аўсіевічу 3,5 года калоніі.
Крыніца: @belsat