Царква і палітычны крызіс у Беларусі

«У наш час у Хрыста была б жоўтая бірка». Былы палітвязень Аляксандр Тарасенка расказаў пра свой досвед за кратамі

«У наш час у Хрыста была б жоўтая бірка». Былы палітвязень Аляксандр Тарасенка расказаў пра свой досвед за кратамі

«У наш час у Хрыста была б жоўтая бірка». Былы палітвязень Аляксандр Тарасенка расказаў пра свой досвед за кратамі
Аўтар
Хрысціянская візія

Арганізацыя"Хрысціянская візія"

Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.

У Аляксандра Тарасенкі гучная гісторыя: гамяльчук правёў 20 гадоў у манастыры, быў святаром, а пазней сышоў з царквы. У апошнія гады, аднак, медыя ўспаміналі яго як палітвязня, бо мужчыну асудзілі на два гады турмы за антываенны пост. Ніжэй – глыбокі маналог Аляксандра пра турму, расчалавечванне і Хрыста, распятага па палітыцы.

«Мяне затрымлівалі пяць разоў»

Якім для мяне быў 2020 год? Мы жылі ў Мінску, я працаваў у вялікім гандлёвым цэнтры. Усё было добра. 

Я тады актыўна ўключыўся ў рух супраціву. Быў у штабе Віктара Бабарыкі, быў каардынатарам па Савецкаму раёну Гомеля. І пасля гэтага пачаліся непрыемнасці.

Мяне затрымлівалі пяць разоў. Спачатку, калі мы падавалі хадайніцтвы за Бабарыку пасля яго арышту, нас усіх звезлі на пару гадзін ва РУУС, потым затрымлівалі па адміністратыўках, сядзеў суткі. На працы далі зразумець, што лепш звольніцца. І мы з’ехалі ў Гомель, бо мы з жонкай адтуль родам.

Дачка Аляксандра дабраслаўляе яго на марш. У 2020 відэа стала вірусным. Крыніца: «Хрысцяінская візія»

«Няхай будуць праклятыя Пуцін і Лукашэнка, няхай будзе праклятая вайна»

Нейкі час мяне не чапалі, толькі часам міліцыя званіла. А калі пачалася вайна, я прачнуўся і напісаў пост пра гэтую сітуацыю. Факт гэтай агрэсіі мяне раззлаваў да глыбіні душы, і ў мяне ва Украіне шмат сваякоў – браты, цёткі, дзядзькі. Напісаў у тым пасце, што няхай будуць праклятыя Пуцін і Лукашэнка, няхай будзе праклятая вайна, назваў іх брыдотамі і напісаў, што ненавіжу.

У 2022-м я напісаў гэты пост, а ў 2023-м мяне па ім арыштавалі, гэта было 23 сакавіка. Я тады толькі нядаўна прыехаў з рэйса. Усё было як звычайна: ранкам мы прачнуліся, селі з дачкой глядзець мульцік пра нейкага Ральфа. 

Грукаюць у дзверы, жонка адчыніла – кажа, там міліцыя. Я выйшаў. Там быў губазікавец, ён пачаў здалёк – маўляў, робім абыход для прафілактыкі, зараз яшчэ з’явяцца мае калегі. А «калегі» аказаліся ў масках АМАПу.

Далей было сілавое затрыманне. І мяне павезлі па ўсіх тых пакутах, як звычайна: у РУУС, ГУБАЗ, потым у ІЧУ.

«Нас вадзілі як смяротнікаў»

Следчы паказаў агромністую справу на мяне, яна па сутнасці складалася з раздруковак маіх пастоў. Казаў – маўляў, цябе Бог беражэ, вось колькі ўсяго на цябе было, а ты ўсё павыдаляў. Я сапраўды ў вольны час выдаляў пасты, якія мне падаваліся спрэчнымі, але той пост пра вайну вырашыў пакінуць. Выдаляць яго – мяжа, якую мушу не пераходзіць.

Хацелі яшчэ мне прыпісаць артыкул пра распальванне міжнацыянальнай варажнечы, але спыніліся на іншым артыкуле, пра абразу прэзідэнта.

Самым цяжкім з таго, што давялося зазнаць за кратамі, было гомельскае ІЧУ. Там жылі клапы, і штодзень трэба было мяняць камеру. Нас вадзілі як смяротнікаў – рукі ў кайданках за спіну, нахіліцца глыбока ўніз і ісці.

Яшчэ і рэбры балелі. Калі мяне затрымлівалі, амапаўцы з нагі ўдарылі мне па грудзях, вынік – вывіх рэбраў. Потым яны мяне павезлі ў бальніцу, бо мяне з болем у рэбрах не прымалі ў ІЧУ. Але ў бальніцы зрабілі здымак і потым адпусцілі, і тады ў ІЧУ мяне ўжо ўзялі. Потым недзе паўтары-два месяцы не мог нармальна ляжаць праз боль у рэбрах.

У гомельскім СІЗА, якое Аляксандр некалі сам асвячаў: «Праспяваў велікодныя трапары і дабраславіў стол»

А потым было гомельскае СІЗА. Неяк я там знаходзіўся ў вялікай камеры, чалавек на 8-9. Быў Вялікдзень. А мы да гэтага часу ўжо перазнаёміліся, і хлопцы ведалі, што я раней быў святаром. Дык яны мяне папрасілі, каб мы разам памаліліся і каб я дабраславіў іх велікодны стол. Казаў ім, што я ўжо не ў царкве і не веру так, як мушу верыць для гэтага, а яны ўсё роўна прасілі зрабіць ласку – маўляў, ты ж быў святаром.

Аляксандр у часы святарства, тады яго звалі Мікалаем. Фота: архіў суразмоўцы

Паклалі на стол што ў каго было, некаму сваякі перадалі яйкі, булкі. Мы ўсталі вакол гэтага стала, паклалі рукі на плечы адзін аднаму. Чытаў “Ойча наш”, і яны паўтаралі за мной, потым я яшчэ праспяваў велікодныя трапары і дабраславіў стол, яны сказалі “амінь”. 

Мы селі на гэтую велікодную трапезу, білі яйкі – рабілі “біткі” па народнай традыцыі. Адсвяткавалі, хлопцам вельмі спадабалася. Потым яны гэта ўспаміналі, дзякавалі, што я ім Вялікдзень зладзіў.

Іронія лёсу, што ў пачатку нулявых, калі я быў маладым святаром, гомельскае СІЗА мяне запрашала туды. І я хадзіў там з абразом і святой вадой, асвячаў тыя камеры, калідоры, кабінеты. А потым сам і трапіў у гэтае СІЗА.

«За кратамі штодзень нагадваў сабе, што трэба застацца чалавекам»

Беларуская турма – гэта такая сканцэнтраваная мадэль сістэмы кіравання ва ўсёй краіне, за кратамі бачныя ўсе яе мінусы. Там уключаюцца чалавечыя нізкія памкненні. Часта супрацоўнікі, якія не могуць сябе кантраляваць, там губляюць галаву, думаюць – калі яны маюць уладу, могуць рабіць усё, што жадаюць. Мяне там не білі, але я шмат бачыў, што адбывалася з іншымі хлопцамі.

Турма адкрывае чалавека, паказвае, хто ты. Табе далі ўладу, і што ты з ёй будзеш рабіць? 

Увесь час, як я там быў, я сабе штодзень нагадваў, што трэба застацца чалавекам і не азлабіцца. Разумею, што злосць, якая часта прэ з людзей – гэта наступства іх слабасці, бо яны не ўмеюць сябе кантраляваць і не бачаць сітуацыю цалкам. Магчыма, у іншых абставінах яны прызналі б свае памылкі.

Што датычыць палітвязняў, я імі ганарыўся, мне было прыемна з імі камунікаваць. Турма ў Беларусі – месца, дзе сабраныя і найгоршыя, і найлепшыя людзі краіны, і палітвязні – якраз найлепшыя. 

Жоўтая бірка, якую Аляксандр насіў у калоніі. Фота: архіў суразмоўцы

Я імкнуўся паводзіць сябе там дастойна, хацеў, каб палітвязні выглядалі дастойна перад іншымі людзьмі. Імкнуўся не дапускаць там ад сябе слабасці, але там шмат хто сябе так трымае.

Беларуская турма расчалавечвае? Канечне, і калі ў цябе няма прынцыпаў, гэта адбываецца вельмі лёгка. Там ствараюць такія ўмовы, калі, напрыклад, міліцыя можа нацкоўваць вязняў адзін на аднаго, калі ім нешта не спадабалася.

Там цяжка праяўляць чалавечыя адносіны, дабрыню. Падзяліўся ты нечым – гэта абавязкова ўспрымуць так, быццам ты слабак, якога лёгка падмануць. Да цябе зноў пойдуць з просьбамі, і калі ты будзеш ім нешта даваць, цябе будуць успрымаць як несур’ёзнага. Калі ты хочаш, каб цябе паважалі, не давай тое, што ў цябе просяць, пакуль тыя вязні гэта не заслужаць.

Калі не шануеш, што ў цябе ёсць, то і іншыя не будуць гэта шанаваць.

На волі я не разумеў, чаму людзі за кратамі так лёгка ідуць на тое, каб ускрыць вены. А калі сам туды трапіў, я перастаў для сябе выключаць такі варыянт. Гэта робіцца не для таго, каб скончыць жыццё самагубствам, а таму што гэта часам апошні спосаб дакрычацца да сістэмы ці праявіць сваю пазіцыю. Вось людзям і даводзіцца або біцца, або ўскрывацца.

Мне ў калоніі, гэта была ПК-15, далі працу разбіраць старыя электрычныя драты. Мы аддзялялі ізаляцыю і алюміній або медзь, збіралі іх, норма была. Вось гэта я і рабіў там увесь час, некалькі разоў яшчэ даручалі матрацы шыць, калі іншы цэх не даваў рады.

У калоніі была царква, і кожныя выхадныя ці на святы туды прыязджаў святар. Быў хор з вязняў – дарэчы, вельмі няблага спявалі. Я схадзіў адзін раз на службу, каб паглядзець, як царква выглядае, там файныя роспісы.

Усё там ладзіцца фармальна, як па напісаным.

Мяркую, што святары, якія акармляюць вязняў, не вельмі добра ўяўляюць сабе рэальную абстаноўку за кратамі. Знешне вязні вельмі лаяльныя, з усім пагаджаюцца, але святар не можа ведаць іх унутранае жыццё, хаця на споведзі мо і больш кажуць.

«Хлопцы, вы ж разумееце, што Ісус быў распяты па палітычным артыкуле»

Вера вельмі дапамагае за кратамі. Шмат хто там пачынаў верыць, яны і да мяне прыходзілі, распытвалі пра хрысціянства.

Там даводзілася, пакуль нас не запусцяць на працу, доўга стаяць на вуліцы. І вязні, каб бавіць час, у такой сітуацыі звычайна задавалі розныя пытанні. Нам была бачная каланійская царква, і неяк яны пачалі распытваць наконт крыжоў – тлумачыў іх значэнне, чаму там такая папярэчына, што напісана на таблічцы ўверсе крыжа («Ісус Назарэй, цар Юдэйскі” – заўв.).

Сказаў ім: «Хлопцы, вы ж разумееце, што Ісус быў распяты па палітычным артыкуле, у яго нават артыкул быў напісаны над галавой». Ім гэта вельмі спадабалася, адразу пачалі ўспамінаць, па якім артыкуле яго асудзілі, калі шукаць аналаг у беларускім крымінальным кодэксе. Яны ніколі не глядзелі з гэтага боку на біблейскія падзеі. А я ім патлумачыў, што Хрыста распялі як палітычнага. Калі б гэта было ў наш час, у Хрыста была б жоўтая бірка, дзясяты прафулік.

Вось такая ў мяне была сумная пропаведзь былога святара, хлопцы мне потым доўга ўспаміналі тую размову. Які артыкул быў бы ў Хрыста? Напэўна, нешта пра захоп улады ці пра дзяржаўную здраду. Бо ў Хрыста было дакладна напісана на таблічцы: яго распялі не за тое, у што ён верыў, а праз палітыку.

Аляксандр да зняволення. Фота: архіў суразмоўцы

«Там, унутры, ты вольны, і тое, што ты маеш ў сябе, ніхто ад цябе не забярэ»

Напэўна, вернікам лягчэй перажываць турму і пакуты. Я мо і быў бы рады верыць, як раней, але не магу, у мяне так ужо не атрымаецца. Я сябе лічу агностыкам, прычым біблейская версія Бога мне зусім не блізкая.

Думаю, мой досвед мне дапамагаў за кратамі. Бачыў хлопцаў, якія там пачыналі плакаць, для мяне гэта быў дысананс. Яны трапілі ў СІЗА і не маглі змірыцца з думкай, што яны там. А я даўно дапускаў, што магу туды трапіць, і прайграваў гэта ў галаве.

Проста ўнутры ёсць стрыжань, і ты за яго трымаешся. Там, унутры, ты вольны, і тое, што ты маеш ў сябе, ніхто ад цябе не забярэ. Я 10 сутак сядзеў у ШІЗА, і мне было нармальна, нават лепш, чым калі б са мной нехта быў. Я там разважаў, мне не было з сабой нудна.

Мне дапамагала думка, што ўсё наша жыццё не мае ніякай мэты, усё некалі абнуляецца. Зразумела, што трэба есці, піць, саджаць дрэвы, ёсць больш дробныя сэнсы, але глабальнага сэнсу няма.

Мне гэта дапамагала ў тым сэнсе, што калі б жыццё мела нейкі глабальны сэнс, гэта не быў бы мой асабісты сэнс, і я не быў бы вольны ў гэтым плане. А калі ніякага вялікага сэнсу няма, я сам сваё жыццё напаўняю сэнсам, і ў гэтым плане я вольны.

Аляксандар Тарасенка вяртаецца дамоў пасля вызвалення. Відэа: архіў суразмоўцы

Я вызваліўся ў сярэдзіне студзеня і прыехаў у Вільню чатыры месяцы таму, 16 лютага. Зняў кватэру, мяне ўзялі дальнабойнікам, 20 чэрвеня еду ў рэйс. Сям’я прыехала да мяне, у мяне ёсць жонка і дачка, яна пераходзіць у трэці клас.

На фоне таго, што я перажыў, усё астатняе мне падаецца прасцейшым – маўляў, гэта лепш, чым быць у няволі. Штодзень успамінаю пра тых, хто там застаўся: напрыклад, ранкам думаю, што яны зараз стаяць у чарзе на працу, а ўдзень яны здаюць працоўную норму.

Для іх кожны дзень падобны да мінулага, нібыта дзень сурка. Я на волі, магу працаваць, бавіць час з сям’ёй. Падаецца, ёсць за што дзякаваць і чым цешыцца.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава