Суд за малітву: папярэджанні двум святарам і аднаму верніку

Напярэдадні свята Божага нараджэння ў Віцебску судзілі ксяндза Віктара Жука, грэка-каталіцкага святара Аляксея Варанко і іх сябра Аляксея Каракова. Суддзя суду Першамайскага раёна Міхаіл Юрчанка вынес папярэджанні ўсім тром падсудным, якіх вінавацілі паводле артыкула 23.34 КаАП – нібыта за правядзенне несанкцыянаванага пікета.

Суд над імі распачаўся яшчэ 10-га снежня. Віктар Жук, Аляксей Варанко і Аляксей Каракоў тлумачылі суду, што 8-га верасня яны маліліся за беларусаў, сабраўшыся на сяброўскую сустрэчу каля гандлёвага цэнтру “Green”. У аднаго з іх быў ружанец, у другога, як напісана ў міліцэйскім пратаколе, – “бел-чырвона-белая палатніна”. Абодва святары і вернік тлумачылі суду, што гэта колеры Хрыста, вядомыя ва ўсім свеце. І што толькі беларуская міліцыя бачыць у гэтым колеравым спалучэнні крамолу. Прынамсі, адпаведным чынам зрэагаваў на ўбачанае міліцыянт Станіслаў Шэпелеў, які выступаў у судзе ў якасці сведкі: у той дзень ён не быў заняты па службе, але ўбачыў “бел-чырвона-белая палатніна” і тут жа паведаміў свайму кіраўніцтву, што стаў сведкам адміністрацыйнага правапарушэння. Падчас суду Шэпелеў зазначыў таксама, што працуе ў міліцыі ўсяго год, і што некалькі разоў браў удзел у затрыманнях віцяблянаў падчас акцый мірнага пратэсту.

Падтрымаць Віктара Жука, Аляксея Варанко і Аляксея Каракова прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку Біскуп Віцебскі і яшчэ 5 духоўных асобаў. Аднак у судовую залю пусцілі толькі 8 чалавек: суддзя спаслаўся на небяспеку распаўсюду каронавірусу. І не пагадзіўся прыняць пункт гледжання адвакатак падсудных, якія прасілі скасаваць усе тры адміністрацыйныя справы праз адсутнасць складу правапарушэння – прысудзіў хоць і мінімальнае, але ўсё ж такі пакаранне.

Звышпільны міліцыянт Станіслаў Шэпелеў.

Радыё Рацыя