Следчы камітэт правёў круглы стол на тэму міжканфесійнай згоды

26 лютага ў Мінску прайшоў круглы стол «Міжканфесійная згода як важнейшы фактар умацавання грамадскага спакою і стабільнасці», прысвечаны Году народнага адзінства.

Форум праводзіўся па ініцыятыве Следчага камітэту і Інстытуту павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі.

Як паведамляе агенцтва БЕЛТА, у працы круглага стала ўзялі ўдзел прадстаўнікі рэлігій і канфесій, дзяржаўных органаў, навуковых і адукацыйных установаў, грамадскіх аб’яднанняў, члены Савету Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі на сустрэчы прадставілі прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ксёндз канонік Юрый Санько і дырэктар нацыянальнага Caritas ксёндз Віталій Дабраловіч.

Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, з боку Беларускай Праваслаўнай Царквы ў працы круглага стала прынялі ўдзел: старшыня праўлення Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр святых Мяфодзія і Кірыла» святар Святаслаў Рагальскі, старшыня Сінадальнага аддзела па турэмнаму служэнню Беларускай Праваслаўнай царквы святар Георгій Лапухоў, кіраўнік аддзела па арганізацыі духоўна-асветніцкіх мерапрыемстваў Свята-Лізавецінскага манастыра манахіня Агапія (Кнацько).

Таксама ў круглым стале прымалі ўдзел Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак і прадстаўнікі юдэйскай і мусульманскай супольнасцяў.

Па выніках мерапрыемства была прынятая рэзалюцыя, згодна з якой запланавана правядзенне рэгіянальных семінараў, канферэнцый і сімпозіумаў, прысвечаных прафілактыцы п’янства, наркаманіі, хатняга гвалту, а таксама рэсацыялізацыі асуджаных. Акрамя гэтага намечана інфармаваць следчыя падраздзяленні краіны актуальнымі дадзенымі аб рэлігійных арганізацыях, якія аказваюць грамадзянам дапамогу па пераадоленню наступстваў п’янства, наркаманіі, выпраўленні правапарушальнікаў. У сваю чаргу рэлігійныя арганізацыі будуць атрымліваць інфармацыю пра ўдзельнікаў крымінальнага працэсу, якія патрабуюць і маюць патрэбу ў духоўнай дапамозе, псіхалагічнай падтрымцы.

Catholic.by, Church.by, Следчы камітэт