Пётр Рудкоўскі аб рэпрэсіях і беларускім Касцёле: «Для пасляваеннай Еўропы гэта нечуваны прыклад жорсткасці аўтарытарызму»
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Філосаф Пётр Рудкоўскі, каталіцкі інтэлектуал, былы дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў BISS, аўтар праграмы «Эфата» на Ватыканскім радыё, стаў фігурантам крымінальнай «справы аналітыкаў Ціханаўскай». 1 ліпеня гэтага года суд прызнаў яго вінаватым у ажыццяўленні «злачынстваў экстрэмісцкага характару» падчас электаральнай кампаніі-2020 і ў поствыбарчы перыяд.
Працэс над журналістамі, экспертамі, філосафамі і актывістамі праходзіў завочна, бо ўсе 20 абвінавачаных зараз знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Пётр Рудкоўскі перабраўся ў Польшчу, дзе працягвае займацца аналітычнай дзейнасцю. Супрацоўнічае ён і з «Хрысціянскай візіяй» — спецыяльна для нас ён напісаў артыкул «Царква, дзяржава і правы чалавека».
У гэтым інтэрв’ю ён расказаў, як Касцёл адаптуецца да новых палітычных і сацыяльных выклікаў у Беларусі, разважаў аб сітуацыі з Чырвоным касцёлам, а таксама падзяліўся сваімі асабістымі перажываннямі.
«Нават не думаў, што мяне могуць пераследваць з-за аналітычнай, экспертнай дзейнасці»
— Што вы адчувалі, калі даведаліся, што cупраць вас завялі крымінальную справу?
— Нічога асаблівага, бо ўсё пачалося яшчэ восеню 2020 года. Але прыгадваю, што у тыя часы нават не думаў, што мяне могуць пераследваць з-за аналітычнай, экспертнай дзейнасці. На той момант я думаў, што гэта можа здарыцца па прычыне майго сяброўства з галоўным складам Каардынайцыйнай рады. Але такі «подых» рэпрэсій адчуваўся ўжо тады.
У снежні пачаліся званкі са Следчага камітэта. На мяжы 2020 і 2021 гадоў я з’ехаў з Беларусі.
— Пасля гэтага вы больш не прыязджалі на радзіму?
— На пачатку 2021 года я пачаў усведамляць, што знаходжуся ў высокай групе рызыкі. Здарылася так, што вясной памёр мой тата. Тады яшчэ былі ваганні, я думаў аб тым, каб прыехаць на пахаванне, але мае сваякі дапамаглі вырашыцца, каб не рабіць гэтага. Кола сваякоў і блізкіх мае розныя адценні ацэнкі гэтай сітуацыі, але супяражыванне і салідарнасць застаецца.
Пра тое, што вядзецца спецыяльная вытворчасць супраць мяне я даведаўся ў чэрвені 2021 года. Таму навіна, якую абвесцілі беларускія СМІ ў студзені 2024 года пра крымінальную справу, фігурантамі якой сталі я і 19 іншых аналітыкаў, не была для мяне нечаканай. К гэтаму часу я прызвычаіўся жыць у статусе аб’екта зацікаўленасці беларускага рэжыму. Аднак, мне ўсё роўна непрыемна – быццам канчаткова перакрэслена магчымасць вяртання ў Беларусь.
Дарэчы, гэта сітуацыя стала нагодай для ўсведамлення, наколькі драматычная сітуацыя ў Беларусі. Узмоцніліся боль і хваляванне за тых, хто знаходзіцца ў краіне.
«Для некаторых гэта сітуацыя стымулюе паглыбленне сувязі з Богам»
— Як рэпрэсіі ўплываюць на рэлігійнасць людзей?
— Не маю дакладных дадзеных, але па маіх назіраннях рэакцыі розныя.
Для некаторых гэта сітуацыя стымулюе паглыбленне сувязі з Богам. Узнікае ўсведамленне, што шмат кепскага адбываецца, але толькі Бог, які з’яўляецца Госпадам і Гаспадаром свету, мае сілу дапамагчы нам пераадолець гэтае зло.
Іншыя людзі адчуваюць апраўднае ці апраўданае расчараванне ў рэлігійных структурах.
Такім чынам, на фоне нарастаючых рэпрэсій можна была пачуць розныя сігналы, але не вядома наколькі сур’ёзна змянілая вера людзей. З часам гэта сітуацыя можа стаць аб’ектам для даследванняў.
— Ці ёсць у сацыяльным вучэнні Касцёла рэкамендаваная форма дзяржаўнага кіравання?
— Пачынаючы ад II Ватыканскага сабора такой формай з’яўляецца дэмакратыя. Пра гэта Касцёл кажа апошнія 70 гадоў.
Мне прыгадалася вучэнне старажытна-грэцкага філосафа Платона. Ён не з’яўляецца маім улюбёным сацыяльным тэарэтыкам, бо прапанова, якую ён стварыў наконт таго, як павінна выглядаць сацыяльнае грамадскае жыццё, з’яўляецца ўтапійнай і мае сур’ёзныя засцярогі этычнага характару. Тым не менш, ён паказаў механізмы, з дапамогай якіх дэмакратыя абавязкова пераўтвараецца ў таталітарным рэжым. Але, на маю думку, тут больш правільна сказаць, што «не абавязкова», але «можа» пераўтварацца.
«У любой таталітарнай сістэме Касцёлу ці Царкве прыходзіцца шукаць аптымальную форму функцыянавання»
— Як змяніўся беларускі Касцёл за апошнія чатыры гады?
— Умоўна кажучы, ад чэрвеня 2020 да чэрвеня 2021, Касцёл на розных узроўнях, ад вернікаў да епіскапату, вызначаўся выразнасцю ў ацэнцы грамадска-палітычнай сітуацыі і этычнага аспекту працэсаў, якія адбываліся тады.
Першым выразным сімптомам адкрытага агучвання стала пропаведзь арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча напачатку ліпеня 2020 года, калі ён выказаўся, што ў Беларусі павіны быць праведзенны сумленныя свабодныя і справядлівыя выбары. Калі б гэта адбывалася ў дэмакратычнай дзяржаве, нічога тут асаблівага не сказана было, бо само па сабе зразумела, што выбары павінны быць свабодныя, справядлівыя і сумленныя, але, зразумела, што ў катэксце аўтарытарнай дзяржавы гэты лозунг можна было пачуць толькі ад прыхільнікаў пераменаў. Тое, што іерарх такога ўзроўня выказаўся падобным чыным, сведчыла аб змене ранейшай тактыцы. Каталіцкі Касцёл на працягу апошніх 25 гадоў быў узорам асцярожнасці і дыпламатычнасці ў дачыненні да дзяржавы, у якой хутка сфармаваўся аўтарытарны рэжым. Зразумела, што новы падыход прывёў да непрыемных наступстваў. Але да паловы 2021 года можна было назіраць выразнае каментаванне этычных праблемаў у грамадска-палітычным жыцці з боку Касцёла.
У другой палове 2021 года, хваля жорсткіх рэпрэсіў у дачынені да грамадства закранула і Касцёл. Пасля гэтага, за выключэннем пачатка вайны ва Украіне, мова каталіцкага Касцёла становіцца ўсё больш асцярожнай і прыцішанай.
— Ці павінен Касцёл ісці на саступкі і абслугоўваць інтэрэсы таталітарных рэжымаў, калі ад гэтага супрацоўніцтва залежыць яго функцыянаванне?
— Адна справа – ісці на супрацоўніцтва, але іншая справа – абраць нейкую формулу выжывання ва ўмовах таталітарызму. Гэта два варыянты падыходу да праблемы, але на практыцы яны могуць выглядаць падобна, таму тыя, хто назірае звонку, могуць трактаваць сітуацыю па-рознаму.
У любой таталітарнай сістэме Касцёлу ці Царкве прыходзіцца шукаць аптымальную форму функцыянавання. Гэта таксама можа быць і канфрантацыя. Для прыкладу, у камуністычным Кітаі ў свой час Касцёл заняў даволі прынцыповую пазіцыю, але гэта займела пэўныя наступствы. Пачатковыя структуры Касцёла хаваліся ў падполлі, а пад пад пратэктаратам камуністычных уладаў была створана афіцыйная, даволі згодлівая каталіцкая рэлігійная структура. Доўгі час ў камуністычным Кітаі Касцёл быў падзелены на две часткі.
Таму гэта непазбежная сітуацыя, што каталіцкі Касцёл вымушаны прымаць складаныя рашэні, якія ў пэўнай ступені захоўваюць нейтральную пазіцыю ў стасунку да рэжыму, нават пры тым, што дзейнасць гэтага рэжыму выклікае этычныя пытанні. У практыцы здаралася па-рознаму, але часцей было так, што каталіцкі Касцёл аддаваў перавагу кампраміснай формуле свайго суіснавання.
Даволі скаладанае пытанне, якія тут могуць быць межы: да якой ступені можна пайсці на кампраміс і колькі часу можна захоўваць маўчанне перад відавочнымі парушэннямі правоў чалавека. Кожная сітуацыя патрабуе асобнага разгляду.
«Трэба было зрабіць балюча»
— Як вы лічыце, чаму ахвярай пераследу стаў менавіта касцёл святых Сымона і Алены?
— Рэжыму трэба было прадаманстраваць каталіцкаму Касцёлу, што актыўнасць у грамадска-палітычным полі будзе мець сур’езныя наступствы. У такім выпадку не важна, што будзе зроблена. Галоўная задача – каб гэта было адчувальна. Выклікі на допыты, адключэнне электрычнасці – гэта ўжо недастатковыя меры для рэжыму, які абраў шлях інтэнсіфікацыі рэпрэсіяў. Трэба было зрабіць балюча.
Паралізаванне дзейнасці парафіі святых Сымона і Алены, фактычнае адабранне касцёла, ціск на розных святароў і вернікаў – гэта ўсё стварае адчуванне пагрозы ад «дамоклавага мяча», які быццам вісіць над касцёлам, і, у выпадку якіх больш адважных дзеянняў з боку католікаў, можа абрынуцца.
Чырвоны касцёл быў абраны з увагі на яго сімвалічнае значэнне для каталіцкай супольнасці, з увагі на тое, што гэта быў традыцыйны асяродак каталіцкага культурнага жыцця. Гэта месца інтэграцыі каталіцкай інтэлегенцыі зрэшты і ў цэлым – асяродак культурнага жыцця ў Беларусі. Таксама прыцягнула асабліва адважная пазіцыя Чырвонага касцёла падчас пратэстаў.
«Магчыма, вядзецца закулісная праца, якая не бачная для вернікаў»
— Ці павінен беларускі Касцёл афіцыйна агучваць факты затрымання святароў?
— Варта падкрэліць, што сітуацыя ў Беларусі для пасляваеннай Еўропы гэта нечуваны прыклад жорсткасці аўтарытарызму. Розныя, умоўна кажучы, акадэмічныя індэксы свабоды, паказваюць, што нават у камуністычнай Польшчы ў часы ваеннага становішча 1981-1983 гадоў моц рэпрэсій была менш, чым у сучаснай Беларусі. У кантэксце такіх жорскіх дзеянняў з боку рэжыма, нават асцярожны заклік да малітваў за зняволеных сведчыць аб тым, што Касцёл не маўчыць.
Да гэтага трэба ўлічваць, што, магчыма, вядзецца закулісная праца, якая не бачная для вернікаў. Сёння, калі ёсць нейкі шанец дапамагчы палітзняволеным, то гэта можна рабіць толькі шляхам непублічнай дыпламатыі. Ці вядзецца такая праца? Спадзяюся, што ў будучыні мы пра гэта даведаемся.
«У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16:33). Гэта не інструкцыя, але гэта крыніца сілы, духоўны арыенцір для Касцёла ў Беларусі і ўвогуле для ўсіх веруючых хрысціян.