Рэакцыя цэркваў на перастрэлку ў кватэры на Якубоўскага была мінімальная


Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Тыдзень таму ў Мінску адбылася перастрэлка, у якой загінулі праграміст Андрэй Зэльцар і супрацоўнік КДБ Зміцер Федасюк. Гэтая трагедыя стала чарговай траўмай для беларускага грамадства. Нават каментаваць яе ў цяперашніх умовах аказалася небяспечным. Асэнсаванне гэтай падзеі ўскладняецца тым, што мы дагэтуль вельмі мала ведаем, што менавіта адбылося ў кватэры на вуліцы Якубоўскага 28 верасня.
Рэакцыя цэркваў на гэтую трагедыю была мінімальная. Паводле Sputnik, 1 кастрычніка ў мінскім храме Ўсіх святых адбылося адпяванне Змітра Федасюка, але фотаздымкаў з гэтай службы партал не публікуе, а на сайце храма навінаў пра гэтую падзею няма. Пра адну незвычайную сітуацыю паведамляе гомельскі партал Флагшток – у адным з праваслаўных прыходаў Светлагорска прайшла ліція за “загінулага воіна Дзмітрыя”, на якую сабралася нешматлікая група мясцовых чыноўнікаў і сілавікоў. Падаецца, што гэтая падзея была выключна мясцовай ініцыятывай – пра падобныя малітвы ў іншых месцах нічога не вядома.
Таксама трагедыю пракаментавалі ксёндз Вячаслаў Барок і тэлеграм-канал “Каталіцкае Адраджэнне”. Паводле ксяндза Барка, “Апакаліптычны звер, якім уяўляецца рэжым беззаконнай палітычнай улады, як бачым, не шкадуе нікога” і “ўсе беларусы, не залежна ад нашых поглядаў, а нават ад адсутнасці такіх, з’яўляюцца закладнікамі краважэрнага рэжыму”. Ананімныя аўтары “Каталіцкага Адраджэння” каментуюць наступным чынам: “Яны абодва і Андрэй Зельцар і загінулы супрацоўнік КДБ Зміцер Федасюк – ахвяры рэжыму лукашэску. Мы ўжо неаднаразова падкраслялі, што наша адзінае выйсце – хрысціянская міласэрнасць”.