Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Прывітальнае слова біскупіні Петры Боссэ-Хубер на экуменічнай малітве за Беларусь

Прывітальнае слова біскупіні Петры Боссэ-Хубер на экуменічнай малітве за Беларусь

Прывітальнае слова біскупіні Петры Боссэ-Хубер на экуменічнай малітве за Беларусь
Deutsch

Паважаная спадарыня Ціханоўская,

Вашы Эксэленцыі і Вялебнасці,

Ад імя Евангелічнай Царквы Германіі я вітаю вас на нашым набажэнстве — экуменічнай малітве за мір, свабоду і справядлівасць у Беларусі.

Мы сабраліся сёння тут, каб папрасіць у Бога сілаў тым людзям, якія на сваёй радзіме, у Беларусі, адстойваюць грамадзянскія правы. Мы робім гэта у экуменічнай еднасці праваслаўных, рымска-каталіцкіх і евангелічных хрысціянак и хрысціян. Гэтая разнастайнасць адпавядае разнаквеццю рэлігійнага ландшафту ў Беларусі, і для нас у сучаснай Германіі яна з’яўляецца самавідавочнай ва ўсіх пытаннях, вырашэнне якіх вымагае агульнага голасу Цэркваў.

З самага пачатку я адсочвала ролю жанчын у пратэстах. Іх сталая прыхільнасць да негвалтоўнасці пакінула на пратэстах свой асаблівы адбітак. Перад абліччам варварскага, цынічнага і карупцыйнага рэжыму яны паказалі, наколькі магутнай можа быць цэльнасць і адмова ад гвалту. Таму я звярнулася з пасланнем да Рабочай групы “Хрысціянская візія“ Каардынацыйнай Рады Беларусі, і ў гэтым звароце адзначыла, што для мяне беларускія жанчыны нагадваюць вобраз Марыі, якая ў сваёй негвалтоўнасці адначасова дае людзям сваю абарону.

Я цешуся, што з нашага абмену лістамі хутка ўзнікла ідэя зладзіць гэтую экуменічную малітву за Беларусь. Мы зрабілі гэта, каб звярнуць увагу на становішча ў краіне і гэткім чынам з’явіць знак надзеі. Сёння мы хочам папрасіць Духа Божага для ўсіх людзей у Беларусі, якія ідуць на вялікую і значную рызыку дзеля сваіх базавых правоў і правоў сваіх бліжніх, і мы хочам успамянуць перад Богам імёны тых, хто перацярпеў пакуты, боль, а некаторыя і смерць.

Асаблівай пашанай для нас стала тое, што Вы, спадарыня Святлана Ціханоўская, разам з прадстаўніцамі і прадстаўнікамі беларускага дэмакратычнага руху адгукнуліся на нашае запрашэнне, сёння прысутнічаеце ў Берліне і звернецеся да нас напрыканцы набажэнства. Я цешуся таксама, што потым мы ўсе паслухаем зварот былога польскага прэзідэнта і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Леха Валенсы. У сваім звароце ён выказвае падтрымку вам усім, збіраючыся намінаваць беларускіх жанчын на чарговую Нобелеўскую прэмію міру. Я вельмі жадаю, каб абяцанне Леха Валенсы налета стала рэчаіснасцю.

Я таксама мяркую, што не выпадкова мы сустрэліся з вамі ў асаблівую дату. 13 снежня 1981 года ў Польшчы было абвешчана ваеннае становішча. Тады далёка не ўсе людзі маглі спадзявацца, што напрыканцы доўгай і поўнай нягодаў барацьбы яны ўсё ж здабудуць свабоду. Няхай перад вашымі вачыма, вачыма людзей з Беларусі, і перад усімі намі тут, у Берлінскім саборы, і перад усімі людзьмі, стаіць гэтая дата, якая сведчыць, што імкненне да свабоды і надзея на змены – гэта сіла, якой не разбіць, не спыніць, не стрымаць нават самымі жорсткімі рэпрэсіямі, якія, у рэшце рэшт, застануцца бяссільнымі перад гэтым імкненнем. Усім нам я зычу добраславёнага набажэнства.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава