Прапановы па зменах у Канстытуцыю ад Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ўнесла Экспертная рада па пытаннях жыцця і сям’і
Экспертная рада па пытаннях жыцця і сям’і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўнесла прапановы па зменах у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь на шосты Усебеларускі народны сход, які распачынаецца 11 лютага ў Мінску.
У склад экспернай рады ўваходзяць Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, святары: ксёндз прэлат Андрэй Стэцкевіч і ксёндз Сяргей Дабрагост MSF, грэка-каталіцкі святар айцец Аляксандр Шыбека, а таксама свецкія актывісты па абароне жыцця: Уладзіслаў Валаховіч, Людміла Чаканава, Надзея Шарко і Іван Пузанаў.
Прапановы датычацца абароны жыцця ад моманту зачацця да натуральнай смерці, а таксама традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.
Дапаўненні прапануецца ўнесці ў тры артыкулы асноўнага закона Беларусі:
- У артыкул 8 Канстытуцыі:
У пытаннях, якія датычацца сямейных каштоўнасцяў і сямейнай палітыкі, прыярытэтнымі з’яўляюцца нацыянальныя інтарэсы і заканадаўства.
- У артыкул 24 Канстытуцыі:
Кожны мае права на жыццё з моманту зачацця і да моманту натуральнай смерці.
- У артыкул 32 Канстытуцыі:
- Традыцыйныя сямейныя каштоўнасці з’яўляюцца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі.
- Шлюб — гэта саюз аднаго мужчыны і адной жанчыны.
- Бацькі маюць выключнае права на выхаванне сваіх дзяцей так, як яны лічаць неабходным паводле іх перакананняў, калі гэта не супярэчыць закону.