Прамова Святланы Ціханоўскай падчас візіту ў беларускую царкву ў Антвэрпэне (Бельгія)
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Шаноўнае спадарства! Дарагія сябры!
Шчыра вітаю вас — беларусаў Бельгіі, якія застаюцца патрыётамі роднай зямлі.
Я ўдзячная вам за гонар наведаць беларускую царкву ў Антвэрпэне. Ваша супольнасць, вядомая далёка за межамі дыяспары, з’яўляецца часткай парафіі Святога Сэрца — і менавіта вобраз Сэрца, на маю думку, з’яўляецца надзвычай знакавым для нас.
Сэрцайка было адным з сімвалаў руху за перамены, які ўзмацніўся ў Беларусі ў 2020 годзе. За гэтым простым жэстам стаяла вера людзей у тое, што дабро і салідарнасць, праўда і справядлівасць перамогуць на нашай Радзіме хлусню і гвалт. Зараз мы ведаем, што сэрцайкі можна паказваць нават з-за кратаў — і на гэта здольны толькі моцны духам чалавек. Такі, як Марыя Калеснікава, якую дыктатарскі рэжым абвінаваціў у неіснуючых злачынствах і пазбавіў свабоды на 11 год.
Яшчэ адзін вязень сумлення, Павел Севярынец, асуджаны на 7 год калоніі ўзмоцненага рэжыму, выказаўся пра рэпрэсіўныя органы так: “Яны нас берцамі, а мы іх — сэрцамі!” Вось такі ён — звычайны гераізм, калі чалавек у самых страшных умовах не здраджвае сваім грамадзянскім і хрысціянскім перакананням!
“Я заўжды верыў, што беларусы маюць вялікае сэрца!” — пісаў з турмы палітычны вязень Вітольд Ашурак, дадаючы, што масавая народная салідарнасць дае яму сілы адчуваць сябе ў няволі свабодным. Першы раз сілавікі затрымалі Вітольда з ружанцам у руках — ён вяртаўся з малітвы за мір у Беларусі. Пасля другога затрымання ён так і не вярнуўся да блізкіх: вялікае і дужае сэрца Вітольда Ашурка спынілася ў траўні гэтага года, і цалкам верагодна, што спыніцца яму “дапамаглі”.
Сябры, дазвольце выказаць вам і персанальна айцу пробашчу Яну Майсейчыку самую трапяткую ўдзячнасць за захаванне памяці Вітольда і іншых ахвяр палітычных рэпрэсій. Усталяваны вамі крыж — гэта агульная справа, якая паяднала шмат годных неабыякавых сэрцаў.
Таксама дзякую вам за клопат пра памяць кампазітара Міколы Равенскага, якому сёлёта споўнілася 135 год. Створаны Равенскім гімн “Магутны Божа” назаўсёды застанецца ў найноўшай гісторыі Беларусі як малітва, да якой людзі далучаліся незалежна ад сваіх рэлігійных перакананняў ці іх адсутнасці. “Магутны Божа” — гімн тых, хто марыць бачыць Беларусь вольнай, мірнай, незалежнай краінай. Такой краінай, дзе нормай з’яўляецца павага да сябе і іншых, бяспека і дабрабыт.
Пакуль б’ецца маё сэрца — я буду рабіць усё, каб гэтая мара стала рэальнасцю.
Дзякуй вам яшчэ раз, дарагія!
Жыве Беларусь!