Павел Севярынец павіншаваў Юзафа Станеўскага

Павел Севярынец даслаў у лісце з турмы віншаванне ксяндзу Юзафу Станеўскаму з нагоды абрання яго на пасаду арцыбіскупа.
“Хвала Хрысту!
Паважаны ксёндз арцыбіскуп Юзаф!
Віншуем Вас з высокай годнасцю і адказнасцю, даручанай Вам
наступнікам Святога Пятра – і просім Божага дабраславення на
Вашым нялёгкім шляху.
Вашыя папярэднікі шмат зрабілі дзеля таго, каб даручыць Вам
багатую спадчыну. Будзьце вартыя яе: гэта няпроста.
Мы верым: мэта, да якой Нябёсны Айцец паклікаў наш народ – гэта Ісус Хрыстос, Які размаўляе па-беларуску. Вось жа, мы турбуемся, каб у беларускім касцёле замест беларускай мовы не ўводзілася польская (як гэта робіцца дзе-нідзе на Гарадзеншчыне) ці руская.
Мы бачым шмат зла вакол і молім Госпада, каб Ён найхутчэй
абярнуў гэтае зло на дабро. У сённяшні нялёгкі час пастыр авечак Божых мае быць мужным, не ісці на змовы са злом, абараняць праўду, веру, свабоду і жыццё сваёй паствы.
Бойцеся Бога і больш нікога!
Ведайце: на Вас глядзяць неба і людзі.
“Такім чынам, стойце ў свабодзе, якую даў вам Хрыстос, і не
схіляйцеся зноў пад ярмо рабства” (Пасланне святога апостала Паўла да Галатаў, 5:1)
З павагай, Павел Севярынец”